Уваскрашэнне памерлага

Дзясятая звычайная нядзеля, год С (05.06.2016)

На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю. Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!» І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!» Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў Яго Езус маці ягонай. Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ». Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.

 (Лк 7, 11–17)

Уваскрашэнне памерлага

Прапаную вам пазнаёміцца з геніяльным духоўным каментаром да нядзельнага ўрыўка з Евангелля, напісаным святым Бэдам Вялебным, англасаксонскім манахам-бэнэдыктынам, які жыў ў 673–735 гг.

«Разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці»… Памерлы, якога выносяць за брамы горада, азначае чалавека, усыпленага смяротнаю магілаю злачынстваў, і смерць душы, якую ўжо не ўкрывае заслона сэрца, але якая праз словы і ўчынкі, як праз брамы горада, выходзіць вонкі і становіцца бачнаю многім. Слушна сказана, што гэта быў адзіны сын маці, бо трэба, каб сярод натоўпу была адна дасканалая і беззаганная дзявіца — маці-Касцёл, а кожны вернік цалкам слушна можа быць названы сынам паўсюднага Касцёла. Бо той, хто быў выбраны, калі быў прыведзены да веры, з’яўляецца сынам. А той, хто прыводзіць іншых, з’яўляецца маці. Ці ж не мацярынскія пачуцці да дзяцей нахнялі таго, хто напісаў: «Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас!» (Гал 4, 19)? 

Я лічу, што брама горада, праз якую выносяць памерлага, гэта нейкае цялеснае пачуццё. Хто сее сярод братоў нязгоду, хто абвяшчае злое ў Касцёле, таго памерлым выносяць праз браму вуснаў. «Хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну» (Мц 5, 28), праз браму вачэй выносіць вонкі знакі сваёй смерці. Хто ахвотна адкрывае вушы для бессэнсоўных плётак, непрыстойных песень або зласлоўя, сам сябе адкрывае для смерці. Малю, Пане Езу, учыні ўсе брамы майго горада брамамі справядлівасці, каб, уваходзячы ў іх, я дзякаваў Твайму імені, і каб да Твайго велічнага трона, калі мы часта становімся побач з ім разам з нябеснымі слугамі, не дасягаў смурод вынесенага нябожчыка, каб муры горада напаўняла збаўленне, а яго брамы — хвала. 

«І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся». Насілкі, на якіх вынеслі памерлага, азначаюць злачынны спакой сумлення грэшніка, пазбаўленега надзеі. Тыя людзі, якія выносяць памерлага, каб пахаваць, — гэта нячыстыя прагненні, якія вядуць чалавека да згубы, або згубныя спакусы фальшывых прыяцеляў, якія вельмі часта разам са сваім лісліўствам прыносяць грахі, памнажаюць іх і нібы валам зямлі, засыпаюць пагардаю тых, хто грашыць. Пра іх гаворыцца ў іншым урыўку: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых» (Мц 8, 22). Памерлыя хаваюць памерлых, калі грэшнікі шкоднаю пахвалою цешаць людзей, падобных да іх саміх, і заслонаю найгоршай пахвальбы не дапускаюць, каб у іх калі-небудзь узнікла надзея выправіцца. Аднак калі Пан дакрануўся да пахавальных насілак, магільшчыкі затрымаліся, бо сумленне, якое адчула страх перад Апошнім Судом, супраціўляецца і навязлівым цялесным прагненням, і натоўпу фальшывых хваласпеўцаў, ачуньвае і імкнецца адказаць Збавіцелю, які кліча яго вярнуцца да жыцця. 

Таму мы слушна чытаем далей: «Ён сказаў: “Хлопча, кажу табе, устань!” Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў Яго Езус маці ягонай». Той, хто быў памерлым, сядае, калі грэшнік ажывае з дапамогаю душэўнай скрухі. Ён пачынае гаварыць, калі прызнае справы з папярэдняга жыцця, якія прывялі да граху. Яго аддаюць маці, калі пастановаю святарскага суда ён далучаецца да Касцёла, уваходзіць з ім у еднасць. 

«Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: “Вялікі прарок паўстаў сярод нас”». Чым больш безнадзейную духоўную смерць Пан ператварае ў жыццё, тым больш людзей уражвае гэты прыклад. Узгадайце прарока Давіда, узгадайце апостала Пятра. Хто займае найвышэйшае становішча, той быў у найцяжэйшай сітуацыі. Чым цяжэйшая сітуацыя, тым больш удзячная пабожнасць ва ўваскрошанага. Чым больш шчодра праявілася ў іх літасць Пана, тым больш пэўнаю паказалася ўсім, хто пакутуе, надзея на збаўленне, і таму ўсе, хто стаў сведкам падзеі, слушна сказалі: «Бог наведаў свой народ», не толькі адзін раз уцелавіўшы сваё Слова, а няспынна пасылаючы Яго ў нашыя сэрцы, каб мы маглі ўваскрэснуць. 

Бэда Вялебны, In Lucae Evangelium expositio, VII.

Падрыхтаваў айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней