«Адпускаюцца табе грахі твае»

Адзінаццатая звычайная нядзеля, год С (12.06.2016)

Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, сеў за стол. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён сеў за стол у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.

Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што Яна грэшніца». Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік». «У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?» Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў». І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць». А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае». І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?» А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!».

 (Лк 7, 36–50)


«Адпускаюцца табе грахі твае»

Калі я ў малітве разважаў над гэтымі евангельскімі словамі, то быў вельмі ўзрушаны сцэнаю, калі грэшніца абмывала ногі Езусу. Што значыў гэты жэст: прыніжаную просьбу аб дапамозе або поўны любові рух удзячнасці? Я спытаў сябе, кім быў для гэтай жанчыны Езус. Напэўна, яна не ведала, што Ён — Адзінасутны Айцу Сын Божы, але разумела, што Ён для яе — крыніца надзеі. Яна павінна была чуць, што Ён, хоць і абвяшчае Божае Валадарства, не знішчае грэшнікаў. Ён нават кажа, што адмыслова прыйшоў да іх, бо лекар патрэбны не здаровым, а хворым. Ён аздараўляе хворых душою і целам, грэшнікаў і чужаземцаў. А калі дакранаецца да памерлага, той вяртаецца да жыцця. І тое, што яна чула пра Езуса, стала для яе сапраўды добраю навінаю — Евангеллем. Яна ўжо не была сам-насам са сваім жыццём, якое пайшло не так, як трэба. Яна адчула, што Езус — яе надзея, што ёсць Нехта, хто не толькі не будзе судзіць яе за тое, кім яна была, але можа аздаравіць яе жыццё. Яна паверыла, што Валадарства Божае можа належаць і ёй. Яна паверыла і прыняла. Таму яна вельмі палюбіла, і адсюль узяўся яе поўны любові жэст уратаванага Божага дзіцяці, якое атрымала новае жыццё. А фарысей Сымон нічога не хацеў, ён быў упэўнены, што і сам цудоўна з усім спраўляецца, ведае, як жыць, як ацэньваць людзей… І гэтак, заглыбіўшыся ва ўласнае веданне, ён не распазнаў найвялікшы шанец у сваім жыцці.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней