Дванаццатая звычайная нядзеля, год С (19.06.2016)
Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: Кім лічыць Мяне народ? Яны сказалі ў адказ: Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос. Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? І адказаў Пётр: Месіяй Божым. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.
(Лк 9, 18–24)
Бог па нашай мерцы
Калі ў нейкай краіне набліжаюцца выбары, сярод жыхароў пачынаюць рабіць апытанні наконт таго, якіх зменаў яны чакаюць і за каго ў сувязі з гэтым будуць галасаваць. У адпаведнасці з атрыманай інфармацыяй ствараюцца рэйтынгі, паводле якіх спецыялісты спрабуюць прадбачыць вынікі выбараў. Пытанні Езуса, якія можна палічыць такім «перадвыбарчым зборам інфармацыі», насамрэч скіроўваюць нас зусім у іншы бок.
«Кім лічыць Мяне народ?», «А вы кім лічыце Мяне?» — чуюць апосталы. Езус не задае пытанняў публічна, не выпрабоўвае вучняў, а пытаецца ў іх падчас асабістай малітвы.
Пытанні Езуса прагучалі ўжо даўно, але, чытаючы сённяшні ўрывак з Евангелля, можна пачуць, як яны гучаць у адносінах да нас: «Кім ты лічыш Мяне? Чаму ты слухаеш Мяне? Хто Я для цябе: таленавіты настаўнік, выдатны прамоўца, мудрэц, якога варта паслухаць?».
Езус стаў для Апосталаў не тым Месіяй, якога яны чакалі. Ён не меў у распараджэнні войскаў, не меў палітычных амбіцый. Хоць у Апосталах глыбока ўкаранілася і жыло гэтае чаканне, яны жадалі іншага Месію. А Езус распавядае пра няволю, якая ўзнікае з граху, і пра Валадарства міласэрнага Бога, якое надыходзіць. Апосталы павінны былі перамагчы шмат уласных слабасцяў і амбіцый, перш чым дастаткова пасталелі і здолелі зразумець, да чаго заклікае іх Хрыстус, якую місію давярае ім Бог і да будавання якіх адносінаў Ён іх заклікае.
Перад намі таксама ляжыць шлях пазбаўлення ад амбіцый, уласцівых свету — каб убачыць у нашым Пану Бога, які не адпавядае нашай мерцы, які пераўзыходзіць нашыя чаканні, каб убачыць Месію Божага, здольнага цярпець за нас.
Айцец Ігнацый Рафандзі Т'ях'я ОР
Паводле матэрыялаў часопіса «W drodze»