«Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці сцеражы нас, Пане»…

Трынаццатая звычайная нядзеля, год С (26.06.2016). 

Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?» Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску. 

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». І сказаў яму Езус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Ён Езус сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».

(Лк 9, 51–62)

«Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці сцеражы нас, Пане»…

Часам здараецца, што пробашч знаёміцца з тым ці іншым парафіянінам, катой ужо ляжыць у труне, бо блізкія нябожчыка раптам узгадваюць, што трэба яго «адпець», а таксама набываюць ружанец і абразок, каб даць яму ў рукі. Добра было б, каб гэтыя пабожныя думкі наведвалі іх перш, чым сэрца паміраючага перастае біцца, бо нават калі пачынаецца агонія, святар яшчэ можа паспець удзяліць яму намашчэнне, якое ў гэтым выпадку заменіць споведзь. А калі душа ўжо пакінула цела? «Дзе ж вы былі, калі ён яшчэ жыў?» — пытаецца ксёндз, ледзь стрымліваючы слушнае абурэнне. «Мы ж не думалі, што ён памрэ!» — апраўдваюцца родныя нябожчыка, хоць высвятляецца, што цяжкая хвароба даўно ўжо трымала таго прыкаваным да ложка. Даволі наіўны і недарэчны адказ, асабліва з вуснаў тых людзей, што лічаць сябе хрысціянамі. 

Кожны чалавек, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці, ведае, што ён смяротны. Хрысціянская вера вучыць, што смерць — гэта не канец, а пераход да жыцця ў вечнасці, якое аднак залежыць ад таго, якім будзе сам момант гэтага пераходу: у еднасці з Богам ці не. «Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці сцеражы нас, Пане» — просіць Касцёл у суплікацыі, памятаючы, што самае вялікае няшчасце — памерці ў стане смяротнага граху, не паспепеўшы нават у думках паскаяцца ў ім. Таму заўсёды трэба клапаціцца аб рэгулярнай і шчырай споведзі і святой Камуніі. Нават у добрым здароўі і поўні сіл, бо невядома, калі і ў якіх абставінах завяршыцца зямное жыццё. 

Малады можа памерці, а стары — мусіць, нельга пра гэта забывацца, асабліва калі той стары ці хворы сам ужо не можа звярнуцца да святара. Нават далёкага ад Касцёла чалавека не трэба пазбаўляць апошняй магчымасці «ускочыць у цягнік» да Божага Валадарства, бо калі гэты «цягнік» адыйдзе, не дапамогуць ні пакладзеныя ў труну прадметы, ні рытуалы. Застанецца толькі спадзявацца на Божую міласэрнасць, узгадваючы памерлага ў малітвах і ахвяры святой Імшы, а таксама просячы прабачэння за ўласную нядбайнасць. 

Але ці толькі сам нябожчык і яго блізкія вінаватыя ў такой «неспадзяванай» смерці? Думаецца, што вялікая частка адказнасці кладзецца на святароў, якія пад уплывам сучасных веянняў забываюцца, што галоўнае заданне Касцёла — не дабрачыннасць, не арганізацыя пілігрымак ці іншых мерапрыемстваў, нават не міратворчая дзейнасць (хоць усё гэта і вельмі важна), а падрыхтоўка кожнага чалавека да пераходу ў вечнасць. Нездарма самае вялікае хрысціянскае свята называецца Пасха — «пераход»…

Дзіўна, але з аднаго боку смерць — часты госць на экранах тэлевізараў і маніторах камп’ютэраў ў навінах, фільмах, нават у гульнях, а з іншага боку яна рэдка бывае тэмаю казанняў, саступаючы месца разважанням аб радасці, задароўі, узаемаадносінах паміж людзьмі і г.д. Але ўсё гэта, пазбаўленае накіраванасці на вечнасць, не зробіць чалавека шчаслівым, не дазволіць яму адарвацца ад таго, што знішчальнае, а значыць, не выведзе з даліны смерці да Валадарства вечнага жыцця…

Магчыма,  у гэтым святле лягчэй будзе зразумець, што азначаюць словы Пана Езуса: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае»…

Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней