
Сямнаццатая звычайная нядзеля, год С (24.07.2016)
Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце:
“Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу”». І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе. І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».
(Лк 11, 1–13 )
«І не ўводзь нас у спакусу»
Некалькі гадоў таму я прачытаў кнігу Хасэ Сарамагона «Горад сляпых». Дзеянне адбываецца ў горадзе, дзе з невядомых прычынаў жыхары страчваюць зрок. Аўтар даволі жорстка апісвае распад грамадскіх нормаў паводзінаў, упадак прыстойнасці, дзікую жорсткасць, якая з'яўляецца ў людзях у выніку гэтага калецтва. Усеагульная слепата прыводзіць да кардынальных зменаў у гарадской супольнасці: паўсюль пануюць гвалт і звярыныя інстынкты.
Хоць аповесць Сарамагана з'яўляецца літаратурнай фікцыяй і фантастыкай, падчас чытання я не мог пазбегнуць уражання, што апісаныя ў ёй механізмы знікнення цывілізаванага грамадства аж да шоку праўдзівыя. Часткова яны нават апісваюцца ў падручніках сацыяльнай псіхалогіі і, на жаль, у падручніках гісторыі. Тады я зразумеў, наколькі безабароннаю і слабою насамрэч з'яўляецца чалавечая культура перад тым гвалтоўным і дзікім, што жыве ў нас.
Парадаксальна, але кніга не прыгнятае. У мяне ўзнікла нават адчуванне спакою і даверу. Я ўсвядоміў, што нягледзячы на крохкасць усяго прыгожага ў людзях, гэтае прыгожае — мой досвед. Я нашмат часцей сустракаюся з дабром, высакароднасцю і прыгажосцю, чым з жорскасцю і злом. І я вельмі ясна ўбачыў, што Бог — прычына таго, што дабро жыве, нягледзячы на сваю крохкасць.
Але механізмы, апісаныя ў кнізе, рэальныя. Ува мне жывае дзікая сіла, прыстойнасць маёй натуры — не мая заслуга, і не з уласнай заслугі я не перажываў выпрабаванняў, якія перавысілі б мае сілы. Неяк па-новаму для мяне загучаў заклік «І не ўводзь нас у спакусу» з Панскай малітвы. Толькі калі глядзець з мяжы чалавечнасці, можна ўбачыць, як цудоўна мы выратаваныя.
Гэтую кнігу, прачытаную некалькі гадоў таму, я ўзгадаў сёння, калі разважаў пра тое, як Пан Езус вучыць Апосталаў малітве «Ойча наш».
Крыштаф Коц'ян OP

