
Сусветныя дні моладзі цудоўныя тым, што можна сустрэць мноства людзей з усіх куткоў зямлі, якія прыязджаюць, каб дзяліцца адзін з адным і з усім светам досведам сваёй веры, досведам маладосці, якая пражываецца разам з Хрыстом, а таксама радасцю, якая напаўняе іх сэрцы.
Для тых, хто не змог пабываць у Кракаве ў летнія дні напрыканцы ліпеня, Юлія Шэдзько зрабіла спецыяльны рэпартаж з Campus Misericordiae, поля Міласэрнасці, дзе моладзь з усіх частак свету сабралася разам на малітоўнае чуванне. Для вас прагучаць іх галасы — галасы Сусветных дзён моладзі.
І мы пачнем з самага аддаленага ад Беларусі кутка: з далёкіх астравоў, якія ляжаць у цёплых морах паблізу Аўстраліі.
Філіпіны
Юлія: Як вас завуць і адкуль вы прыехалі?
— Я Джудзіт з Філіпінаў.
— Я Ромэ, таксама з Філіпінаў.
Юлія: Вы першы раз у Еўропе?
Джудзіт : Так.
Ромэ: Так, гэта першы раз ва ўсіх сэнсах: першы раз досвед такой сустрэчы, першая вандроўка ў Еўропу.
Юлія: Распавядзіце, калі ласка, пра вашыя ўражанні:
Джудзіт: Благаслаўленне! Першае ўражанне – гэта благаслаўленне. Тое, як дзейнічае Бог – гэта ні на што не падобна. Усё ў гэтым горадзе – суцэльнае благаслаўленне.
Ромэ: Я ніколі не ўсведамляў, што Каталіцкі Касцёл – такі вялікі, гэта вялікая сям’я! І ёсць адна рэч, самая цудоўная для мяне – гэта перамена жыцця, якую я тут адчуваю, і тое, што ў мяне расплюшчваюцца вочы. Вось што я перажываю, як частка моладзі.
Юлія: Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!
Сінгапур
Юлія: Як вас завуць і адкуль вы прыехалі?
— Элей і Курын, мы з Сінгапура.
Юлія: Першы раз у Еўропе?
Элей: Так!
Курын: Так, у першы раз.
Юлія: Якія вашыя ўражанні?
Элей: Пра Еўропу? Для мяне першае ўражанне – людзі. Усе вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго, але ўсе хочуць быць тут разам. Еднасць.
Курын: Для мяне прыехаць сюды з Сінгапура было нялёгка. Мне вельмі падабаюцца людзі, якія тут сабраліся. Усе ідуць прымаць святую Камунію, і мы ўсе – сапраўды адзіны народ і адзіны Касцёл, і гэта мяне захапляе!
Юлія: Вы ў першы раз прымаеце ўдзел у СДМ? Якія ўражанні?
Элей і Курын разам: Першы раз!
Элей: Вельмі шмат людзей! Мне так падабаецца, што мноства католікаў з усіх часткаў свету могуць сабрацца разам і быць разам — гэта самае важнае, я лічу.
Курын: Праўду кажучы, я не люблю натоўпы, яны мяне пужаюць. Але трэба прызвычаіцца да гэтага, калі я хачу трапіць у рай, бо мне здаецца, рай будзе падобны да таго, што адбываецца тут! Усе будуць разам, не будзе ніякага раздзялення. Я цудоўна праводжу тут час!
Юлія: Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!