«Шчаслівыя тыя слугі…»

Дзевятнаццатая звычайная нядзеля, год С (07.08.2016)

Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».

(Лк 12, 35–40)
 

«Шчаслівыя тыя слугі…»

«Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх і, падышоўшы, пачне служыць ім» — няхай каментаром да гэтага ўрыўка з сённяшняга евангельскага чытання будзе апавяданне з кнігі Ліа Чэррыта «Стол Бога Айца» (SeMen, Wrocław, 1998).

Вясковы пробашч

Прыбыў вясковы пробашч, у яго былі вузлаватыя рукі, выцвілая сутана і цярплівы позірк.

Ён паклаў на стол Бога Айца букецік палявых кветак і зёлак: галінку ядлоўца, сцяблінку лаванды, дзікую ружу і два лісцікі мяты.

«Што за цудоўны пах!» — удыхнуў Бог Айцец, з пяшчотаю гледзячы на кветкі і духмяныя зёлкі. 

Пробашч нічога не адказаў. Ён гэтак жа пяшчотна глядзеў на кветкі, якія дзеці прынеслі на ягонае пахаванне. Ён раскрыў далоні, нібы кажучы, што нічога больш не мае.

«Што за цудоўны пах!» — паўтарыў Бог Айцец, гледзячы на рукі пробашча.

Пасля, глянуўшы ў яго цярплівыя вочы, ціхенька дадаў: «Сыне мой!».

«Мой Ойча!» — адказаў стары пробашч.

І гэта ўсё.

Раптам Бог Айцец пацягнуў за шнуркі ад усіх званочкаў, што былі ў кабінеце, і адразу ж з’явілася цэлая грамада анёлаў: сакратароў, бібліятэкараў, ліхтаршчыкаў, цырымоніймайстроў, харавых дырыжораў…

Вакол стала Бога Айца ўзняўся вялікі галас. Бог узняў руку і, суцішыўшы ўсіх, сказаў: «Падрыхтуйце ўрачыстае і сардэчнае прывітанне для гэтага евангельскага ўбогага».

Пасля, звярнуўшыся да тых, хто стаяў праваруч, загадаў: «Вы… выберыце самыя незвычайныя, самыя невядомыя і самыя яркія зоркі, самыя наравістыя каметы, каб раз’ясніць неба…», і, звярнуўшыся да тых, хто стаяў леваруч, дадаў: «Вы ж збярыце світу, каб прысутнічалі ўсе жыхары нябёсаў: арханёлы, анёлы, святыя, апосталы і мучанікі, дзевы і веравызнаўцы… Папрасіце Дзеву Марыю, каб выйшла насустрач свайму вернаму сыну, усклаўшы на голаў сваю карону з дванаццаці зорак, тую, якую схавала, калі на зямлі сталі так шмат гаварыць пра ўбоства Касцёла і пярсцёнкі біскупаў…»

Чародка анёлаў з музычнымі інструментамі таўклася ў дзвярах.

«Вы збярыце хор. Дзесьці у Раі павінен быць Перозі. Знайдзіце яго і папрасіце дапамагчы. Гэты стары ксёндз вельмі яго любіў, але вымушаны быў дырыжыраваць парафіяльным хорыкам».

Іншым анёлам Ён загадаў: «Вы… раскладзіце ўздоўж дарогі самыя прыгожыя кветкі, якія знойдзеце на зямлі, тыя, якіх ніхто ніколі не зрываў і тыя, што растуць у марскіх глыбінях».

«Вы ў сваю чаргу…»

Бог Айцец усім раздаў патрэбныя загады.

Уздоўж дарогі, па якой павінна была прайсці святочная працэсія, сабраўся вялікі натоўп. У ім былі святыя з розных эпохаў і рознай велічыні…

Адзін кардынал, што ўжо даўно памёр, стаяў, выцягнуўшы шыю, каб хоць што-небудзь убачыць, і гаварыў: «Адкуль Бог Айцец усё гэта вытрас? Калі я прыбыў сюды, мне Ён такога прывітання не зладзіў!» 

 

Напрыканцы я хачу сказаць вось што. Магчыма, нехта пакрыўдзіцца, прачытаўшы гэтае апавяданне, напісанае з такой фантазіяй і крыху правакацыйнае. Аднак можа атрымацца, што такім сімвалічным кардыналам буду я або ты. А служыць дзеля багацця Касцёла — значыць кожнаму з нас заставацца чулым да бедных, пра што нагадвае нам Юбілейны Год Міласэрнасці. Пажадаем гэтага адно аднаму і папросім Бога, каб нашыя адносіны з Ім былі сапраўды даверлівыя і дзіцячыя, як у таго пробашча. Няхай гэты вобраз сімвалізуе кожнага з нас, калі мы сустрэнемся з Богам Айцом у хвіліну смерці. 

Айцец Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней