Галасы СДМ: «Багацце Каталіцкага Касцёла»

Сусветныя дні моладзі цудоўныя тым, што можна сустрэць мноства людзей з усіх куткоў зямлі, якія прыязджаюць, каб дзяліцца адзін з адным і з усім светам досведам сваёй веры, досведам маладосці, якая пражываецца разам з Хрыстом, а таксама радасцю, якая напаўняе іх сэрцы. 

Для тых, хто не змог пабываць у Кракаве ў летнія дні напрыканцы ліпеня, Юлія Шэдзько зрабіла спецыяльны рэпартаж з Campus Misericordiae, поля Міласэрнасці, дзе моладзь з усіх частак свету сабралася разам на малітоўнае чуванне. Для вас прагучаць іх галасы — галасы Сусветных дзён моладзі. 

Працягваючы нашае віртуальнае падарожжа, вяртаемся з далёкіх краінаў да нашых суседзяў — у Еўропу.

 

Венгрыя

Юлія: Як вас завуць і адкуль вы прыехалі?

— Мяне завуць Наўра Каніжэй, я з Венгрыі, з Будапешта. Я студэнтка. 

Юлія: Ты першы раз у Польшчы?

Наўра: Не, я ўжо была ў Татрах, хадзіла ў горы, мне вельмі спадабалася. І ў Кракаве я таксама аднойчы была. 

Юлія: Гэта першая твая сустрэча з Папам, ты ўпершыню прымаеш удзел у СДМ?

Наўра: Так, гэта ўсё ўпершыню. 

Юлія: Распавядзі, калі ласка, пра свае ўражанні. 

Наўра: Для мяне гэты фестываль моладзі — нешта новае, зусім новы досвед. Мне падабаецца, што так шмат людзей і так шмат нацый сабралася тут, мне падабаецца гэтае багацце культур Каталіцкага Касцёла. І яшчэ для мяне былі вельмі важныя катэхезы, якія праводзіліся для нашай групы, магчымасць убачыць біскупаў і іншых святароў.  

Юлія: Дзякуй!  Перадай, калі ласка, прывітанне для Беларусі!

 

 

Францыя

Юлія: Як цябе завуць і адкуль ты прыехаў?

— Мяне звуць Эцьен, я з французскай Бургундыі.

Юлія: Ты першы раз у Польшчы?

Эцьен: Так! І мне вельмі падабаецца! 

Юлія: І што падабаецца больш за ўсё?

Эцьен: Напэўна, краявіды і людзі. Яны сапраўды добрыя. 

Юлія: Ты ўпершыню прымаеш удзел у СДМ?

Эцьен: Так, упершыню, бо я яшчэ вельмі малады. Але гэта будзе не апошні раз, калі я прыеду на СДМ!

Юлія: Раскажы, калі ласка, што цябе найбольш уразіла на гэтай сустрэчы?

Эцьен: Усе людзі з розных краінаў, што тут сабраліся, новыя сябры, з якімі можна пазнаёміцца і распавесці, хто ты і адкуль — гэта сапраўды крута. І таксама малітва была вельмі цікаваю, гэта былі моцныя ўражанні. 

Юлія: А як табе здаецца, дзе ў наступны раз будуць праводзіцца СДМ?

Эцьен: Ну, я не ўпэўнены, магчыма, у Францыі або ў Беларусі... Я не ведаю, але хацеў бы, каб гэта была Францыя. 

Юлія: Зразумела! Дзякуй, перадай, калі ласка, прывітанне для Беларусі!  

 

 

Італія

Юлія: Як вас завуць і адкуль вы прыехалі?

— Франчэска з Паўночнай Італіі.

— Аарон, я таксама з паўночнай Італіі, як і Франчэска. 

Юлія: Вы першы раз у Польшчы?

Франчэска: Не, я тут быў ужо адзін раз, але ў Кракаве я ўпершыню, гэта вельмі прыгожы горад, ён мне спадабаўся. 

Юлія: А што спадабалася найбольш на сустрэчы?

Франчэска: Мне спадабалася сустракаць новых людзей з розных куткоў свету. Яшчэ гэта мая першая сустрэча з Папам. А яшчэ я пазнаёміўся з дзяўчынай з Уругвая і закахаўся ў яе!

Юлія: Аарон, а ты ў першы раз у Польшчы?

Аарон: Так, я ўпершню ў Польшчы і ў Кракаве. 

Юлія: Што цябе ўразіла?

Аарон: Людзі, якія прыязджаюць сюды, каб наведаць прыгожы Кракаў і каб упершыню сустрэцца з Папам.

Юлія:  Дзякуй! Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!  

 

 

Украіна

Юлія: Як цябе завуць і адкуль ты прыехаў?

— Мы прыехалі з Украіны, з горада Сумы на паўночным усходзе. Мяне завуць Жэня. 

Юлія: Скажы, ты ўпершыню на такой сустрэчы моладзі?

Жэня: Так, на такой вялікай упершыню!

Юлія:  І як уражанні? 

Жэня: Файна! Мне падабаецца. Тут шмат людзей, нас паўсюль прымаюць. Тым больш, Польшча — каталіцкая краіна, людзі сустракаюць нас, і бачна, што яны рады нам, падтрымліваюць нас. Ва Украіне падобнае цяжка было б арганізаваць, бо пасля Савецкага Саюза ў нас няшмат вернікаў.  

Юлія: Дзякуй! Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі!

 

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней