Галасы СДМ: «Гэта шчасце — быць тут»

Сусветныя дні моладзі цудоўныя тым, што можна сустрэць мноства людзей з усіх куткоў зямлі, якія прыязджаюць, каб дзяліцца адзін з адным і з усім светам досведам сваёй веры, досведам маладосці, якая пражываецца разам з Хрыстом, а таксама радасцю, якая напаўняе іх сэрцы.

Для тых, хто не змог пабываць у Кракаве ў летнія дні напрыканцы ліпеня, Юлія Шэдзько зрабіла спецыяльны рэпартаж з Campus Misericordiae, поля Міласэрнасці, дзе моладзь з усіх частак свету сабралася разам на малітоўнае чуванне. Для вас прагучаць іх галасы — галасы Сусветных дзён моладзі.

Завяршаючы падарожжа, мы пазнаёмімся, напэўна, з адной з самых цікавых групаў пілігрымаў, што прыехалі на СДМ — з міжнароднай групай з Расіі. Цікава бачыць, як збіраюцца разам і па-сапраўднаму сябруюць людзі не проста з розных краінаў, а з розных кантынентаў! Гэта як адна з мэтаў саміх СДМ — на практыцы вучыцца быць адным Хрыстовым Целам, нягледзячы на тое, якія мы ўсе розныя.


Расія-Конга-Эквадор-Грузія

Юлія: Назавіцеся, калі ласка, і раскажыце, адкуль вы.

— Мяне завуць Летысія, я з Конга.

— Мяне завуць Майра, я з Эквадора.

— Мяне завуць Люба, я з Грузіі.

Юлія: Файна! А як атрымалася, што вы ўсе размаўляеце па-руску?

Летысія: Я вучуся на медыцынскім факультэце ў Саратаве, пераходжу на пяты курс.

Майра: Я вывучаю анкалогію, таксама ў Саратаве.

Люба: А я працую ў Расіі. Я кандытар. Ва ўсіх нас у групе розныя прафесіі.

Юлія: Гэта проста цудоўна! І ўсе вы жывеце цяпер у Саратаве?

Люба: Я жыву ў Пензе, а прыехала з саратаўскай групай.

Юлія: Зразумела. А вы першы раз на СДМ і сустрэчы з Папам?

Летысія і Майра: Так, упершыню!

Люба: А я ўжо ў трэці раз, яшчэ я была ў Рыо і ў Кёльне.

Юлія: Файна! Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі аб сустрэчы.

Люба: Сустрэча нам вельмі спадабалася, Польшча вельмі прыгожая краіна, раней мы тут не былі. Мы наведалі шмат месцаўі, уся нашая група ў захапленні. Тут вельмі шмат пілігрымаў, нам гэта вельмі падабаецца як каталіцкай моладзі, што прыехала на СДМ.

Майра: Усё вельмі спадабалася, вельмі шмат моладзі. Вельмі шмат краінаў. Моладзь з усяго свету сабралася разам у адным месцы, каб маліцца і праслаўляць Пана Бога, і гэта цудоўная магчымасць усім памаліцца ў адной інтэнцыі — аб супакоі ў свеце.

Летысія: Мы вельмі шчаслівыя быць тут, разам са столькімі людзьмі з розных краінаў. Мы першы раз на сустрэчы з Папам. Усе радасныя, усе моляцца, і гэта шчасце — быць тут.

Юлія: Дзякуй вам! Перадайце, калі ласка, прывітанне для Беларусі! 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней