
Справаздача аднаго пілігрыма
«Кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ж вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго» (Лк 11, 10.13) — гэтыя словы Езуса гучалі падчас нядзельнай Імшы напярэдадні майго ад’езду на Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Я тады яшчэ не здагадваўся, наколькі блізкім гэтай евангельскай мудрасці будзе пасыл папы Францішка да маладых пілігрымаў з усіх куткоў свету і ўласны досвед спаткання. З вялікай надзеяй і цікаўнасцю я чакаў кракаўскай сустрэчы, каб шукаць (і сапраўды знайсці!) жывую супольнасць натхнёных, неабыякавых маладых вернікаў з усяго свету, а таму хачу падзяліцца сваімі ўспамінамі, думкамі і ўражаннямі — тым, што ўбачыў і што перажыў за гэты тыдзень, які даў і адкрыў нашмат больш, чым я мог чакаць.
У дарозе
«Трэба ехаць!» — упэўнена і радасна сказаў я сам сабе тры гады таму, калі даведаўся, што ў Польшчы (зусім «пад носам») адбудзецца сустрэча хрысціянскай моладзі свету з Папам Рымскім. З таго часу давялося перажыць шмат розных момантаў, але жаданне ўжывую ўбачыць і пачуць наступніка святога Пятра не знікла. Вось ужо толькі год застаецца да сустрэчы, і я пільна сачу за навінамі СДМ у сацыяльных сетках, натхнёна слухаю свежы гімн «Шчаслівыя міласэрныя» на ўсіх даступных мовах, далучаюся да малітвы Сусветных дзён моладзі, думаю аб паездцы і яе арганізацыі. Урэшце знаходзіцца цудоўная група свецкіх дамініканаў, гатовая ўзяць мяне ў пілігрымку з сабою — паціху вырашаюцца ўсе пытанні з рэгістрацыяй, запрашэннямі, візамі, білетамі — і... Вось я ўжо сяджу ў аўтобусе, ужо еду, і неяк нават не вісіць нада мною гэты «цяжар» чакання і падрыхтоўкі — больш з думкамі аб будучыні, чым аб мінулым, нават з пэўнай інтрыгай пачынаецца пілігрымка.
Не проста турыстам, а ўдзельнікам чагосьці маштабнага я сябе адчуў праз дробязь на беларуска-польскай мяжы — адкрытую і, здаецца, сцвярджальную ўсмешку супрацоўніцы польскай мытні, якая запыталася: «На дні моладзі?». Гэта быў першы анёл сярод тых, хто ветліва і ахвотна суправаджаў нас падчас усёй дарогі — у аўтобусах, у метро, на вакзалах і на вуліцах гарадоў, дорачы сваю дапамогу, разуменне і ўсмешку. У Кракаве іх падмянілі ўжо менш таямнічыя, але не менш ветлівыя і ахвочыя валанцёры, якія былі заўсёды там, дзе была патрэба, — яны зараджалі пазітывам і жывым прыкладам міласэрнага служэння.
Знамянальнаю была і сітуацыя пры перасадцы на аўтобус Варшава — Кракаў. Кідаліся ў вочы шматлікія сцягі розных краінаў і кантынентаў — найбольш бразільскія. Замест аднаго рэйсавага «польскага буса» ішло адразу два, а велізарны (як мне тады падалося) інтэрнацыянальны натоўп, здавалася, не змяшчаўся на платформе вакзала. Месцаў усё ж такі хапіла ўсім, але адчуванне багатай моўнай і культурнай пярэстасці не пакідала мяне менавіта з той перасадкі ў Варшаве ажно да ад’езду з Кракава дамоў.
На месцы
Паўднёвая сталіца Польшчы сустракала пілігрымаў надзвычай ветліва. Відаць, для лепшай паступовай акліматызацыі прадстаўнікоў паўднёвых народаў, а таксама для пераемнасці традыцый СДМ улады горада перавялі мясцовае надвор’е ў рэжым «Мадрыд-Рыо» (сонейка, яснае блакітнае неба, тэмпературныя рэкорды). І сапраўды, іспанцы, італьянцы, бразільцы, прадстаўнікі Цэнтральнай Амерыкі адчувалі сябе выдатна і напоўніцу дзяліліся сваім тэмпераментам з больш млявымі, інтравертнымі «нацыямі», якіх размарыла на сонейку. Выдатны ход! Што праўда, палёгку нам час ад часу даваў прыемны лёгкі дожджык, які, магчыма, таксама арганізавалі, каб не марнаваць дажджавікі, выдадзеныя ўсім пілігрымам у фірмовых заплечніках.
Дарэчы, свае заплечнікі нам трэба было пачакаць дзве-тры гадзіны на прывакзальнай плошчы, але чаканне было не дарэмным, бо мы атрымалі цудоўныя стылёвыя заплечнікі, дажджавікі, па два шалікі, бранзалеткі-ружанцы, малітоўнікі і ідэнтыфікацыйныя карткі, якія вызвалялі ад аплаты за праезд па горадзе. Усё гэта было карысным і прыдатным.
Жылі мы ў Кракаве ў дзвюх сем’ях — вельмі гасцінных, адкрытых на размовы і пазнаванне суседняга народа, гатовых дапамагчы ва ўсялякай сітуацыі. Нашыя гаспадары частавалі нас польскімі нацыянальнымі стравамі (адпаведна надвор’ю, перш за ўсё — супамі), правялі некалькі экскурсій па ваколіцах і цэнтры, дапамагалі размеркаваць наш час. Дарэчы, гэтыя людзі не проста мясцовыя вернікі, але таксама ўдзельнікі першых міжнародных сустрэч моладзі з Папам. Наш гаспадар Раман да сённяшняга дня захоўвае на бачным месцы крыж з СДМ у Чэнстахове і ахвотна дзяліўся ўспамінамі.
Кракаў — гэта, бясспрэчна, надзвычай цікавы горад. Каб яго адчуць, патрэбныя тыдні і месяцы, а калі ў цябе ўсяго некалькі дзён, прычым дэталёва распісаных, застаецца толькі захапляцца прыгожай веліччу стагоддзяў і спадзявацца, што пашанцуе прыехаць сюды ізноў. Акрамя ўсёй культурнай і гістарычнай спадчыны, Кракаў — вельмі важны рэлігійны цэнтр, горад пілігрымак, касцёльных ініцыятываў, кляштараў, горад святых. За гэты тыдзень нам пашчасціла памаліцца каля рэліквій васьмі святых і благаслаўлёных, у тым ліку апекуноў гэтых Дзён моладзі — св. Яна Паўла ІІ і св. Фаўстыны, а таксама блізкай беларусам Тэрэзы з Лізье. Іх падтрымка і заступніцтва былі вельмі важнымі для перажывання гэтых дзён.
Насычаны час
У праграму нашых сустрэчаў уваходзілі найбольш важныя падзеі: абавязковая частка (Імша на адкрыццё СДМ, цырымонія прывітання Папы ў Кракаве, Крыжовы шлях з Папам, чуванне і святая Імша на закрыццё) і адвольная праграма (пілігрымка міласэрнасці, катэхэзы, фестываль моладзі, сустрэчы ў цэнтры пакліканняў, магчымасць споведзі). Першыя часткі праграмы адбываліся на вялізных пляцоўках-палях, на Блонях і Campus Misericordiae, шлях на якія і з якіх кожны раз станавіўся асобнай пілігрымкай унутры пілігрымкі. Кожную з гэтых падзеяў суправаджала малітва, а таксама мудрае і жывое казанне.
Адвольныя часткі праграмы далі магчымасць больш індывідуальна перажыць гэты малітоўны тыдзень. Напрыклад, шляхі пілігрымкі міласэрнасці правялі нас праз велічныя санктуарыі Яна Паўла ІІ і Божай Міласэрнасці, далі магчымасць убачыць арыгінал цудатворнага абраза Езуса Міласэрнага, памаліцца пры ім, убачыць, як жыла святая Фаўстына. Катэхэзы з біскупамі ядналі моладзь з кожнай краіны з яе біскупамі. Беларускія катэхэзы прамовілі біскупы Юзаф Станеўскі, Алег Буткевіч і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Прыемна адзначыць, што цэнтр пакліканняў «Quo vadis» меў 4 секцыі-«акадэміі» і быў арыентаваны не толькі на кансэкраванае жыццё («акадэмія Бога»), але і на сямейнае («акадэмія сям’і»), прафесійнае («акадэмія працы»). Чацвёртая акадэмія — «акадэмія міласэрнасці» — нагадвала пра пакліканне кожнага чалавека да святасці праз учынкі міласэрнасці для бліжняга.
Асабіста мне пашчасціла пабываць на начным дамініканскім чуванні ў базыліцы Святой Тройцы, прысвечаным дамініканскім святым (св. Дамінік, св. Яцэк, св. Кацярына Рычы, бл. П’ер Джорджа Фрасаці) ў сувязі з юбілеем 800-годдзя Ордэну Прапаведнікаў. Гэта было адно з найбольш яскравых і глыбокіх перажыванняў за час СДМ: надзвычай прыгожая і ясная літургія (менавіта тут дзейнічае славуты дамініканскі Літургічны асяродак), глыбокае і трапнае слова прапаведнікаў, глыбока і цікава падрыхтаванае чуванне — усё «ў адным флаконе». Шчыра ўдзячны сябрам-дамініканам за запрашэнне і вельмі раю пазнаёміцца з дзейнасцю кракаўскай супольнасці, якая робіць шмат сапраўды святых рэчаў.
Papa Francesco!
Нарэшце! Споўнілася даўняя мара — убачыць і пачуць біскупа Рыма. Папа Францішак пакінуў ўражанне вельмі шчырага, адкрытага, чулага, усмешлівага, з пачуццём гумару айца і пастыра, разумнага, дасведчанага, сур’ёзнага кіраўніка і дыпламата. Падчас казанняў да моладзі вельмі прыемна было бачыць агонь і радасць у вачах Папы, веру ў суразмоўцу і неабыякавасць да яго, а таксама вялікую адданасць Пану і Ягонаму Касцёлу. Мне надоўга запомняцца словы пра моладзь, якая жыве, быццам яна на пенсіі, словы пра «канапную» моладзь, словы падтрымкі і разумення ў праблемах, а таксама словы заахвочвання да поўні жыцця разам з Езусам Хрыстом. Усцешна бачыць і разумець, што Касцёл сёння ў надзейных руках, якім можна і хочацца давяраць.
Устаць з канапы, цаніць свабоду, быць міласэрным
Дарэчы, ва ўсіх ёсць цудоўная магчымасць азнаёміцца з усімі казаннямі і катэхэзамі, прамоўленымі за гэты тыдзень. Пашукайце — абавязкова знойдзеце. Таму не буду на сябе браць ролю настаўніка і падагульняць ідэйны пасыл СДМ, прывяду толькі тыя словы, што мне запомніліся, засталіся ў сэрцы:
«Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (Мц 5, 7).
«Езус давярае табе» (словы на тытуле кніжкі-падарунка кожнаму пілігрыму).
«Трэба ведаць тры рэчы: дзе мы знаходзімся, куды мы хочам трапіць і як мы можам наладзіць гэтую дарогу» (кард. Станіслаў Дзівіш).
«Быць міласэрнымі — значыць рабіць канкрэтныя ўчынкі» (папа Францішак).
«Ці можна змяніць свет?» — «Так!» (папа Францішак і моладзь).
«Усё, чаго хоча ад нас Бог, — гэта жаданне быць разам з Ім» (святар падчас малітвы ў Марыяцкай базіліцы).
«Правіла для стасункаў паміж людзьмі «in-cum-pro» ад святога Дамініка: перад тым каб спрабаваць зрабіць штосьці для (pro) чалавека, трэба спачатку ўвайсці ў (in) ягонае жыццё, зразумець яго і разам (cum) яго пражыць» (а. Томаш Галушка OP).
«Маліся за нашую краіну» (жанчына з Аргентыны).
Пра нацыянальную годнасць
Сусветныя дні моладзі — гэта цудоўная магчымасць усвядоміць і перажыць свают каталіцкасць і паўсюднасць Касцёла. У адным горадзе былі сабраныя мільёны маладых вернікаў з пяці кантынентаў, аб’яднаныя верай у Хрыста і братнім даверам. Гэтая сустрэча была для мяне вялікім досведам нацыянальнай разнастайнасці і яе каштоўнасці. Прадстаўнікі кожнага народа — італьянцы, французы, бразільцы, амерыканцы, карэйцы — паводзілі сябе адметна, адметна выглядалі, адметна гаварылі. Напрыклад, іспанцы ўсюды спявалі (чамусьці на мелодыю «калінкі-малінкі»: «Yo soy Espanol, Espanol, Espanol». Кожны пілігрым ганарыўся сваёй краінаю, сваім паходжаннем. І для мяне як беларуса сапраўды вялікім перажываннем і прычынаю задумацца было тое адзінства, якое стварала пяць тысяч «нашых» тут, у Кракаве, пры дастаткова сумнай сітуацыі з усведамленнем сябе як нацыі на роднай зямлі. І, дарэчы, падчас прэзентацыі кантынентаў, Еўропу прадставілі менавіта па-беларуску.
* * *
Сусветныя дні моладзі ў Кракаве былі месцам шматлікіх сустрэч, новых знаёмстваў, размоваў, падарункаў і пачастункаў, сапраўднага братэрства і еднасці; месцам, дзе адчувальна дзейнічаў Дух Святы, месцам малых і вялікіх цудаў; месцам, дзе той, хто прасіў, атрымаў, дзе той, хто шукаў, знайшоў, дзе таму, хто стукаўся, адчынілі. І гэта не проста прыгожыя словы, гэта жывы досвед, за які я вельмі ўдзячны Пану Богу і тым, праз каго Ён рэалізаваў гэты выдатны праект.
Павел Бранавец