Дваццаць першая звычайная нядзеля, год С (21.08.2016)

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”. І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось, апошнія будуць першымі, і першыя будуць апошнімі».

(Лк 13, 22–30) 

Бітва за жыццё

Грэшніца, якая прыходзіць у дом пабожнага чалавека, і яе не прымаюць там... Сын, які пакідае дом бацькі, каб жыць як захочацца, а пасля вяртаецца і просіць прабачэння... Мытнік, які ўзбагачаецца няправедным спосабам... Гэта героі Евангелля паводле святога Лукі — людзі, якія ў пэўным момант адкрылі, што ўжо даволі ўпрыгожваць праўду пра сябе саміх.

Быць праўдзівым да сябе самога і да бліжніх — зусім не проста, часам гэта можа быць нават вельмі балюча. Гэта шлях няспыннага змагання з самім сабою за тое, каб быць праўдзівым, перажываючы ўласнае жыццё перад Богам, прадстаўляючы Яму сваё жыццё такім, якое яно ёсць, без упрыгожванняў. 

Менавіта пра гэта піша святы Лука, выкарыстоўваючы вобраз вузкай брамы, праз якую трэба праціснуцца. Ён падкрэслівае, што да тых, хто адважыцца на гэта, Езус будзе ставіцца па-асабліваму. У Евангеллі паводле св. Лукі Езус звяртаецца менавіта да тых, хто хоць і быў пазбаўлены надзеі, зусім прыгнечаны жыццём, але рашыўся на адважны крок — даверыцца Богу — і ўрэшце адчуў моц Яго аздараўлення. 

Я памятаю, як аднойчы падчас святой Імшы маленькая дзяўчынка стала пасярод касцёла і, звяртаючыся да людзей, закрычала: «Хачу ўбачыць Езуса!» І хоць мы, людзі з Поўначы, не любім публічна выяўляць свае пачуцці, у мяне было ўражанне, што ўсе сабраныя ў касцёле зараз закрычаць тыя самыя словы…

Мы вельмі хочам убачыць Езуса, адчуць, як Ён глядзіць на нас і гэты позірк пранікае ў нашыя халодныя сэрцы і дадае нам сілаў, каб змагацца за шчырасць. У рэшце рэшт Ён — Той, хто бярэ на сябе ўсе грахі марнатраўных сыноў і зноў прыводзіць нас дамоў, у абдымкі Айца.   

Айцец Б’ёрн Энгдаль OP

Паводле матэрыялаў часопіса «W drodze»

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней