«Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў»

Свята Хросту Пана, год А (08.01.2017)

Так кажа Пан:

Вось слуга Мой, якога Я падтрымаю,
выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Я спаслаў Духа свайго на Яго;
Ён прынясе народам Правасуддзе.
Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць,
на вуліцы не будзе чутна голасу Яго.
Ён не зломіць надломленай трысціны
і не пагасіць тлеючана кноту;
для праўды прынясе Ён Правасуддзе.
Не аслабне і не надломіцца,
пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі,
і наказаў Ягоных чакаюць астравы.
Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці,
і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе,
і ўчыніў запаветам для людзей,
святлом для народаў,
каб Ты адкрыў вочы сляпым
і з вязніцы вывеў палонных,
з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.

                                                       (Іс 42, 1–4. 6–7) 

Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва. Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы Добрую Навіну аб спакоі праз Езуса Хрыста, які ёсць Панам усіх. Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам. Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэта, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

(Дз 10, 34–38)

Тады Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад Яго хрост. Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму. 

Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І вось голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».

(Мц 3, 13–17)

«Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў»

Нядаўна ў нашай парафіі ўдзяляўся сакрамэнт канфірмацыі. Калі мы размаўлялі пра гэта з братамі, адзін з іх сказаў, што Хрост Пана — для яго вобраз канфірмацыі. Спачатку гэта мяне здзівіла, бо хрост — гэта хрост. Але калі я паразважаў, то зразумеў нешта новае для сябе.

Канфірмацыя — гэта сакрамэнт, у якім Пан Езус робіць нас здольнымі будаваць адносіны, у якіх прысутны Ён сам. Мы — людзі, грамадскія істоты, і адносіны з’яўляюцца для нас асноватворнай справай. Мы не толькі будуем адносіны, але і яны фармуюць нас, робяць тымі, кім мы ёсць. Яны вельмі дынамічныя і плынныя па сваёй сутнасці. А мы самі  такія ж зменлівыя? Адкуль тады ўзяць трываласць, без якой не бывае любові, адкуль узяць бяспеку?

Калі паразважаць над сённяшнімі евангельскімі чытаннямі, мы ўбачым, што яны распавядаюць нам пра адносіны. Прарок Ісая гаворыць пра слугу Пана — Месію, які стане запаветам для народаў і крыніцаю дабра для тых, хто гатовы сустрэць Яго. Але адносіны любові, якія распачынае Месія, магчымыя таму, што Ён сам сфармаваны адносінамі з Айцом. Сёння каля ракі Ярдан мы бачым, як Дух Святы сыходзіць на Езуса і гаворыць: «Гэта Сын Мой умілаваны». Гэта асноўныя адносіны, якія фармуюць усе іншыя. Гэта крыніца трываласці Сына, крыніца любові. 

У хросце Езус дае нам сябе, у хросце мы прымаем Яго. І тады мы чуем словы Айца, звернутыя да нас: «Ты — мой умілаваны сын, мая ўмілаваная дачка». Калі мы згодзімся, каб гэтыя адносіны Божага дзяцінства фармавалі нас, мы атрымаем трываласць і здольнасць любіць. Толькі як Божыя дзеці мы можам перадаць свету любоў Айца, якая прысутнічае ў нашых адносінах. 

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней