Штогод у Віцебскай дыяцэзіі падчас фестывалю «Дні хрысціянскай культуры» праводзіцца конкурс дзіцячых тэатральных калектываў. Не стаў выключэннем і год сёлетні.
Амаль паўтара дзясятка парафіяльных тэатральных суполак з усіх куткоў вобласці запоўнілі 5 студзеня глядзельную залу Палаца творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска, каб вынесці на разгляд журы свае творчыя набыткі і дасягненні.
Дзейства пачалося з прывітання і благаслаўлення прысутных біскупам Алегам Буткевічам і працягвалася некалькі гадзін. Затым усе перамясціліся ў катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага для абвяшчэння вынікаў конкурсу і ўзнагароджання пераможцаў.
Зрэшты, пераможцамі ў гэты нязвыкла сцюдзёны пасля зацяжной адлігі ветраны дзень сталі ўсе. Для кожнага з калектываў у сяброў строгага журы знайшліся добрыя словы, кожны быў адзначаны за тое адметнае, чым парадаваў гледачоў падчас свайго выступлення. Можна сказаць, у чарговы раз спраўдзілася выснова пра тое, што галоўнае— не перамога, а чынны ўдзел.
Пасля таго, як дружна памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, пачалося ўзнагароджанне. Спецыяльнымі дыпломамі і падарункамі былі адзначаныя ўдзельнікі калектываў віцебскай парафіі святой Барбары — за выдатную сцэнаграфію; віцебскай парафіі святога Уладзіслава — за ўдалае рэжысёрскае ўвасабленне; ідолтаўскай парафіі Маці Божай Шкаплернай — за лірычнасць і прачуласць выканання; друйскай парафіі Святой Тройцы — за шчырасць і пранікнёнасць; лынтупскай парафіі святога апостала Андрэя — за сучасны падыход да тэматыкі Божага Нараджэння. За захаванне традыцый беларускай батлейкі і ўвасабленне ідэяў гуманізму былі адзначаныя госці з Дуброўна. Атрымалі таксама прызы і асобныя выканаўцы з некаторых парафій.
Трэцяе месца занялі ў конкурсе юныя артысты з віцебскай парафіі святога Антонія, наваполацкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і парафіі імя Марыі з Параф’янава. Другім месцам былі адзначаныя калектывы полацкай парафіі святога Андрэя і пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага. А галоўны прыз здабылі вернікі з парафіі віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.
Адметна, што не застался без увагі і прызоў і тыя дзеці, якія прыехалі на конкурс у якасці гледачоў, каб паглядзець, як выступаюць іншыя, набрацца досведу, і, можа, у наступным годзе гучна, на поўны голас заявіць пра сябе. Усе яны таксама атрымалі з рук біскупа і дырэктара віцебскага аддзялення «Карытас» ксяндза Андрэя Аніскевіча адмысловыя падарункі. Наогул, мерапрыемства атрымалася сапраўды святочнае, відовішчнае,такое, што і сэрца радасцю поўніць, і запамінаецца надоўга.
Францішак Дубраўскі
Фота Зміцера Лупача.
{gallery}2017-01-2{/gallery}