«Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету»

Другая звычайная нядзеля, год А (15.01.2017)

На другі дзень бачыць Ян Езуса, які ідзе да яго, і кажа: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю». І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”. І я бачыў, і засведчыў, што Ён — Сын Божы»

(Ян 1, 29–34)

«Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету»

Гэтыя словы гаворыць святар падчас святой Імшы, уздымаючы жывога Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. У адзін з найважнейшых момантаў Эўхарыстыі гучаць словы таго,  хто мусіў падрыхтаваць дарогу Збаўцы. Ян Хрысціцель сведчыць пра Езуса, вызнаючы, што гэта Ён — Месія, Сын Божы, і не трэба чакаць іншага. Але сведчанне Яна Хрысціцеля не абмяжоўваецца словамі. Хаця Ян адыходзіць на другі план, выканаўшы сваю місію, але напрыканцы зямнога жыцця ён яшчэ заззяе, калі загіне, застаючыся верным праўдзе. Што мы адказваем на словы святара? «Пане, я не варты...» У пакоры мы прызнаем годнасць Бога, але не для таго, каб «захапляцца» сваёй мізэрнасцю, але каб так, як вучні Яна, якія пачулі яго сведчанне (пар. Ян 1, 37), вырушыць услед за Езусам. «Скажы толькі слова...» І Ён кажа, не змаўкае. Кажа праз літургію, прамаўляе да нашых сэрцаў, калі мы чытаем Біблію, часам дае знакі праз здарэнні, праз іншых людзей. Ці працягваецца мая сустрэча з Хрыстом у Эўхарыстыі па-за мурамі касцёла ці капліцы? Ці выходжу я пасля святой Імшы з Хрыстом у сэрцы, або развітваюся з Ім «да наступнага разу...», жывучы далей жыццём — не вучня Езуса, а вольнага слухача? Адмоўна адказаць на гэтыя пытанні — значыць змарнаваць ласку. Але ніколі не позна пачаць жыць з Хрыстом. Пачнем разам?  

Айцец Павел Мажэйка OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней