Менш слоў, больш дзеяння!

«Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе. Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае твар свой у люстэрку: прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў. Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той шчаслівы будзе ў тым, што робіць» (Як 1, 22–25).

Вера без учынкаў мёртвая — здаецца, ісціна, вядомая ўсім хрысціянам, але актуальная і цяпер, у час, калі так неабходна большы акцэнт рабіць менавіта на практыку, а не на словы. Здаецца, і так усё зразумеладзейнічай, не стой на месцы! Будзь хрысціянінам практычнаі ўсё тут. Але не ўсё так проста.

Праблема ў матывацыі і ў тым, што мы цяпер лічым хрысціянствам. Мне шмат даводзілася быць і на розных катэхезах для моладзі, і на рэкалекцыях,шмат чуць тэорыі з вуснаў святароў, абмяркоўваць розныя вострыя пытанні ў моладзевых групах, выказваць сваё меркаванне, выслухоўваць іншых. Але звычайна, калі справа даходзіла да практыкі схадзіць у дзіцячы дом, памаліцца ў скверы Котаўка (набалелае для многіх пытанне), распаўсюдзіць улёткі пра небяспеку нашэння чырвоных нітак і г. д. — адгукаліся адзінкі. І гэта не крытыка, не дакор, не абвінавачванне. Гэта простая канстатацыя фактаў. Чаму, калі справа даходзіць да неабходнасці дзеяння, мы ў большасці сваёй абстрагуемся?

І чаму тая меншасць, якая ўсё ж выходзіць, каб дзейнічаць, сустракаецца з крытыкай у свой адрас? Не атэістаў, а сваіх жа, католікаў. Мы ж павінны свае словы падмацоўваць дзеяннем, як гэта напісана ў Евангеллі? Ці не? Ці я штосьці блытаю і ўвогуле не разумею сэнсу хрысціянства?

Ёсць шмат рознай літаратуры на тэму веры і рэлігіі. Цікавыя погляды, мудрыя вучэнні айцоў Касцёла, прыклады святых... І, як правіла, мы, тыя, хто лічыць сябе практыкуючымі католікамі, чытаем шмат такіх кніг, чэрпаючы з іх натхненне для духоўнага жыцця. Але самай багатаю кнігаю з’яўляецца нашае жыццё, якое часам можа навучыць больш, чым любая кніга.

Мы ўсе недасканалыя, усе часам маўчым там, дзе трэба сказаць праўду, вызнаць сваю веру,праходзім міма чужой бяды, абыякава ставімся да негатыўных, амаральных зменаў у грамадстве…

Але, можа, менавіта цяпер прыйшоў час штосьці змяняць, выплываць на глыбіню разам з Езусам і не баяцца дзейнічаць! Адкінуць штампы і апраўданні кшталту«ўсе грэшнікі», «гэта не мая справа», «табе яно трэба?», «як іншыя, так і я», «а хто я такі, каб штосьці змяняць?», «у мяне не атрымаецца», «хай іншыя дзейнічаюць»… Трэба адкінуць сваю пыху, абыякавасць, недавер і пачаць дзейнічаць! У простасці сэрца, з малітваю, давяраючы Яму… Бо вера без учынкаў — мёртвая.

 


Марына Валасар

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней