«Наблізілася Валадарства Нябеснае…»

Трэцяя звычайная нядзеля, год А (22.01.2017)

Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, каб збылося сказанае прарокам Ісаем:

 «Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,
на шляху марскім, за Ярданам,
Галілея язычнікаў,
народ, які сядзеў у цемры,
убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло».

З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.

Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.

Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.

(Мц 4, 12–23)

 

«Наблізілася Валадарства Нябеснае…»

«Наблізілася Валадарства Нябеснае» — сёння гэтыя словы ў многіх могуць выклікаць сумную недаверлівую ўсмешку (калі не пратэст і абурэнне). Як жа яно наблізілася, калі ўсе навокал, у тым ліку і ў афіцыйных дзяржаўных установах, імкнуцца да таго, каб атрымаць выгоды для сябе, не саромеючыся ашукваць, маніпуляваць іншымі, спекуляваць і г.д., называючы пры гэтым свае несумленныя дзеянні прыгожымі і малазразумелымі для звычайнага чалавека словамі? Узнікае ўражанне, што інакш у гэтым свеце не пражывеш, і з’яўляецца спакуса рабіць тое самае.

Але тут варта спыніцца і падумаць: чаму людзі так робяць? Вядома, каб атрымаць больш грошай. А навошта грошы? Дзіўнае пытанне — каб было за што жыць, утрымліваць сябе і сваіх блізкіх… І вось тут крыецца небяспека. Дзе той неабходны для жыцця ўзровень дабрабыту, які ён, і ці заўсёды нашыя затраты апраўданыя? Уся справа ў тым, што, прагнучы Божага Валадарства, многія хочуць жыць выключна паводле крытэрыяў гэтага свету: каб не быць горш за іншых у матэрыяльным плане, каб адпавядаць нейкаму навязанаму невядома кім узроўню, быць прэстыжным, паспяховым у вачах людзей, цешыцца іх пашанай і славай і г.д. І для дасягнення гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца любыя сродкі — галоўнае, каб толькі пазбегнуць крымінальнай адказнасці. А пра адказнасць перад Богам людзі мала задумваюцца, або кажуць: маўляў, Бог міласэрны, Ён ведае нашую сітуацыю, зразумее, прабачыць…

Так, Бог усё ведае. Ён прабачае тым, хто шчыра шкадуе за грэх і імкнецца пазбягаць грахоў у далейшым. Але ці Ён прабачыць тым, хто злоўжывае Яго міласэрнасцю, папраўляе сваю жыццёвую сітуацыю, крыўдзячы іншых, а атрыманыя такім чынам сродкі выкарыстоўвае на рэчы не толькі неабавязковыя і непатрэбныя, а нават на грэшныя і шкодныя? Для такіх, безумоўна, Божае Валадарства не набліжаецца… Але не трэба забывацца, што перад словамі «наблізілася Валадарства Нябеснае» стаіць заклік: «Кайцеся!» Гэта азначае: скіруйце свае думкі і жаданні да Бога, адвярнуўшыся ад усяго, што не вядзе да Яго, тым больш ад таго, што перашкаджае Яму заняць галоўнае месца ў нашым жыцці. Калі той поспех, дабрабыт, прэстыж, слава здабываюцца несумленна, калі мы не задумваемся пра свае рэальныя духоўныя і матэрыяльныя патрэбы, мы аддаляемся, уцякаем ад Валадарства Нябеснага, якое набліжаецца не з такой хуткасцю, з якой многія людзі імкнуцца ў бок валадарства князя гэтага свету, але пэўна і станоўча.

Памятайма, што мы не наблізімся да Божага Валадарства праз прыпадабненне хрысціянскага жыцця свецкаму, праз адыход ад sacrum у святынях і літургіі. Гэта — небяспечная ілюзія! Толькі павярнуўшыся тварам да Бога, мы зможам пакінуць за плячыма ўвесь непатрэбны баласт гэтага свету і паказаць сабе і іншым той кірунак, які дапамагае хутчэй зразумець і прыняць Валадарства Нябеснае, ідучы яму насустрач.

Айцец Міхал Ермашкевіч OP 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней