«Вы — цела Хрыстовае». Хрысціянскае адзінства сёння

З 18 па 25 студзеня ва ўсім свеце праходзіць тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян. Набажэнствы такога кшталту праводзяцца з 1968 года. Але ў чым сапраўды праяўляецца гэтая еднасць практычна? Гэта, пэўна ж, не толькі словы. Але і дзеянне.

Сучаснасць дыктуе нам новыя падыходы да пытання аб еднасці хрысціян. Тэрарызм і жорсткі пераслед хрысціянаў у многіх краінах падштурхоўвае нас да яднання і абароны сваёй веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Незадоўга да сваёй смерці на крыжы Езус звяртаецца да Айца:

«Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне». (Ян 17, 2023)

Калі мы аб’ядноўваемся, то становімся моцнымі і здольнымі здзяйсняць вялікія справы. А менавіта гэтага баіцца д’ябал.

Як хрысціянскае адзінства можа паўплываць на становішча ў грамадстве? Яскравы прыклад нядаўняя заява мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і мітрапаліта Паўла супраць увядзення забароны нашэння рэлігійных сімвалаў для медыкаў. Як ведаем, гэтая салідарнасць двух іерархаў дала свой станоўчы вынік.

Добрай глебай для еднасці хрысціян з’яўляецца таксама пытанне абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. У Беларусі дзейнічае дабрачыны фонд «Адкрытыя сэрцы», валанцёрамі якога з’яўляюцца як католікі, так і праваслаўныя. Збор подпісаў у абарону жыцця, які цяпер праводзіцца прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій і супольнасцяў — яшчэ адзін прыклад дзейснага экуменізму.

Многія сучасныя СМІ прапаноўваюць чалавеку адкрыты акультызм, магію, гараскопы… Усё гэта адводзіць чалавека ад Бога, і, больш за тое, робіць яго нявольнікам справаў д’ябла. Гэта грэх ідалапаклонства, і мала хто ведае, што чытанне гараскопаў, варажба, нашэнне чырвоных нітак мае духоўную небяспеку. Таму тут таксама вялікае поле для дзейнасці і магчымасць аб’яднацца ўсім хрысціянам, каб пашырыць праўдзівую інфармацыю і папярэджваць людзей аб небяспецы.

Нагодаў для аб’яднання насамрэч вельмі шмат. Варта толькі захацець гэтага адзінства, а найперш — маліцца за яго.

«Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні. Бо ад людзей Хлоі я даведаўся, браты мае, што ўзнікаюць паміж вамі спрэчкі. Я ж паўтараю тое, што кожны з вас кажа: „Я — Паўла“, „Я — Апалоса“, „Я — Кефаса“, „А я — Хрыста“. Хіба падзяліўся Хрыстус?» (1 Кар 1, 1013)

Як бачым, ужо ў раннія часы паміж першымі хрысціянамі ўзнікалі спрэчкі і непаразуменне. Апостал Павел добра гэта ведаў і нездарма звярнуўся да хрысціян таго часу з пытаннем, якое, на жаль, застаецца актуальным ва ўсе часы.

Святы Айцец Францішак неаднаразова падкрэслівае неабходнасць умацавання адзінства: «Мы заклікаем да еднасці, таму што звяртаемся да Хрыста. Мы хочам жыць еднасцю, таму што хочам ісці за Хрыстом, жыць Яго любоўю, пазнаваць таямніцу Яго адзінства з Айцом, таго, што з’яўляецца сутнасцю Боскай любові».

Пачуйма гэтыя словы Папы, і няхай тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян умацуе нас у імкненні быць дзейснымі на гэтым адказным, хоць і нялёгкім шляху.


Марына Валасар

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней