
Чацвёртая звычайная нядзеля, год А (29.01.2017)
Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
(Мц 5, 1–12а)
Убоства, якое можа ўзбагаціць
«Шчаслівыя ўбогія…» Не часта мы думаем пра сябе як пра ўбогіх. А калі ў галаву і прыходзіць падобная асацыяцыя, гэта звычайна звязана з матэрыяльным становішчам: я не ўсё магу сабе дазволіць, у мяне няма грошай на дарагія падарожжы, тавары класу люкс, машыны. Але здаецца, што Езус, кажучы вучням пра першае благаслаўленне, не мае на ўвазе матэрыяльную беднасць.
Калі добра прыгледзецца, кожны з нас у пэўным сэнсе ўбогі, у кожнага ёсць свае недахопы, абмежаванні, якія нялёгка выправіць, а часам і немагчыма: некаму бракуе выхавання ў нармальнай сям’і, якая яго любіць; некаму цяжка будаваць адносіны з іншымі людзьмі; некаму не хапае здольнасцяў, кемлівасці, інтэлігентнасці…
Што рабіць, каб маё экзістэнцыяльнае ўбоства нягледзячы ні на што стала для мяне благаслаўленнем? «Тое, што не было прынятае, не было аздароўленае», — пісаў святы Грыгорый Багаслоў. Прыняць уласную экзістэнцыяльную недасканаласць і кволасць — гэта раўназначна прыняццю сваёй поўнай залежнасці ад Бога, калі мы давяраем сябе Яму, як дзеці. Гэта пакорлівае вяртанне да Яго — пераломны момант у перажыванні свайго ўбоства, ён адкрывае нас для прымання Божых дароў і ласкаў. Найбольшы дар для нас — дар «Духа ўсынаўлення» (Рым 8, 15), наша новая самаідэнтычнасць, якую мы атрымліваем дзякуючы Хрысту. «А калі мы дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом» (Рым 8, 17).
Таму не будзем баяцца пакінуць свае ўяўныя багацці і скарбы, а замест гэтага паверым словам благаслаўлення Хрыста, які «хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам» (2 Кар 8, 9).
Айцец Марцін Магдзяж OP