
Святары павінны быць пасрэднікамі Божай любові, а не тымі, хто думае пра ўласныя інтарэсы — сказаў папа Францішак 9 снежня на ранішняй святой Імшы ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён засяродзіў увагу на спакусах, якія могуць пагражаць святарскаму служэнню.
Святы Айцец звярнуўся да Евангелля, дзе Езус кажа пра безупынную незадаволенасць людзей, параўноўваючы іх з капрызнымі дзецьмі.
«Тое ж і сёння, —кажа Папа, — ёсць шмат незадаволеных хрысціянаў, якія не здольныя зразумець, чаму іх навучыў Пан».
У гэтым кантэксце папа Францішак успомніў таксама пра незадаволеных святароў, якія прыносяць шмат шкоды, бо іх сэрцы далёкія ад логікі Езуса, і таму яны наракаюць і ходзяць сумныя. У той час як паўнату радасці — паводле Папы — дае логіка Езуса, які з’яўляецца пасрэднікам паміж Богам і намі.
«Таксама і мы павінны быць пасрэднікамі, а не тымі, хто проста выконвае сваю працу, прымае за яе плату і ніколі нічога не губляе, — сказаў папа Францішак. — Пасрэднік прысвячае сябе аб’яднанню абодвух бакоў, ён аддае жыццё. Такая гэтаму цана: менавіта жыццё. Ён расплочваецца жыццём, стомаю, працаю, рознымі рэчамі, каб аб’яднаць статак і прывесці людзей да Бога. Логіка Езуса як пасрэдніка — гэта логіка самазнішчэння. Св. Павел у Паслнні да Філіпянаў ясна пра гэта казаў: выракся самога сябе (Флп 2, 7), каб прывесці да паяднання. Ажно да смерці, ажно да крыжа», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што сапраўдны святар блізкі да людзей, ён не проста той, хто выконвае сваю працу і становіцца чыноўнікам, не ведаючы, што такое закасаць рукавы ў рэальнай сітуацыі. Таму такі святар няшчасны. Ён шукае задавальнення ў славе, імкнецца да ўлады.
«У пошуках прызнання святары ступаюць на дарогу жорсткасці: аддаліўшыся ад людзей, яны не ведаюць чалавечага цярпення; губляюць тое, чаму навучыліся ў сваіх дамах ад таты, мамы, дзядулі, бабулі, братоў і сясцёр... Будучы жорсткімі, яны абцяжарваюць вернікаў шматлікімі абавязкамі, якіх самі не выконваюць, як казаў Езус пра сучасных яму «пасрэднікаў». Жорсткасць. З бічом у руках на народ Божы: таго нельга, гэтага нельга... У выніку шмат людзей, якія шукаюць суцяшэння, кроплю разумення, аддаляюцца, сутыкнуўшыся з гэтай жорсткасцю», — кажа папа Францішак. На яго думку, поруч з жорсткасцю ідзе таксама і захапленне свецкасцю. Такі святар няшчасны, бо абраў нядобры шлях.
«Што датычыць жорсткасці і захаплення свецкасцю, то прыйшоў да мяне аднойчы стары мансеньёр з курыі. Ён расказаў мне, як пайшоў у краму клерыкальнага адзення, каб набыць сабе некалькі кашуляў. Там убачыў маладога святара. Той стаяў перад люстэркам у вялікай пелярыне з аксамітам і са срэбным ланцужком і любаваўся сабою... Тады гэты мудры мансеньёр з горкаю ўсмешкаю і са здаровым пачуццём гумару адзначыў: «А яшчэ кажуць, што Касцёл не высвенчвае на святароў жанчын!» Вось гэтак і са святаром, які становіцца чыноўнікам: ён проста смешны — сказаў Святы Айцец.
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі.
Паводле: «Wiadomosci KAI», № 52/53, 2016 г.
Фота: AFP.