«Твітар з Богам». Ці мушу я прымаць сваё цела такім, якое яно ёсць?

Разважаючы пра каштоўнасць чалавечага жыцця, нельга абмінуць пытанні цела, бо без цела чалавек не існуе. Памятайма, што мы не ўладары, а захавальнікі сваіх целаў і мусім клапаціцца пра іх. Не трэба беспрычынна шкодзіць або калечыць целы, якія Бог даў нам.


Біблія кажа нам: «Целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і вы не належыце самім сабе» (1 Кар 6, 19–20). Бог стварыў нашыя целы як месца, дзе Ён сам жадае пасяліцца. Бог любіць нас і жадае, каб мы былі шчаслівыя і цешыліся сабою ў адносінах з Ім.

# Самашкодніцтва і стэрылізацыя

Мы можам пажадаць цярпець пэўны фізічны дыскамфорт дзеля сваіх адносінаў з Богам. На гэтым заснаваная сутнасць посту і іншых спосабаў пакаяння, якія з’яўляюцца годнымі праявамі нашага жадання быць як мага бліжэй да Езуса, нават у Яго пакутах. Дапушчальна рабіць самім сабе балюча, каб палепшыць здароўе, напрыклад, трымацца дыеты, лякуючы дыябет, або вырываць пашкоджаныя зубы. Але апроч падобных прычынаў дабравольна прычыняць сабе самім фізічныя пакуты або шкодзіць уласнаму целу — пярэчыць Божай волі адносна нас. Бог даў нам целы і загадаў клапаціцца пра іх і не зняважваць іх. Дапушчальныя толькі хірургічныя працэдуры, неабходныя для здароўя. Таму, напрыклад, не ўхваляецца стэрылізацыя. Такая аперацыя — дабравольнае пашкоджанне рэпрадуктыўных органаў чалавека. Яна не толькі калечыць цела, але і робіць чалавека няздольным мець дзяцей, а гэта не адпавядае хрысціянскім поглядам на сужэнства. Аднак, з іншага боку, выдаленне ракавай пухліны на яечніках, нават калі прывядзе да бясплоднасці, дазволенае і апраўданае клопатам пра захаванне жыцця жанчыны.

# Пластычная хірургія

Пластычная хірургія можа быць вельмі карыснаю ў лячэнні цялесных пашкоджанняў. Хірургі перасаджваюць моцна апаленую скуру і прышываюць адарваныя часткі цела дзеля аднаўлення цялеснай цэласнасці. З гэтаю мэтаю робяцца аперацыі па выпраўленні «воўчай пашчы» (шчыліны ў паднябенні) і іншых фізічных дэфармацый. Больш складана гаварыць пра аперацыі падцягвання твару, павелічэння грудзей, ліпасакцыю. Ці гэта робіцца дзеля здароўя або з ганарыстасці? Многія людзі адчуваюць сябе няўпэўнена ад таго, як яны выглядаюць. Некаторыя з прычыны псіхічных адхіленняў лічаць сябе тоўстымі або брыдкімі на твар, хаця аб’ектыўна гэта няпраўда. Няздольнасць прыняць сябе і любіць сябе такімі, якія ёсць, — гэта псіхалагічная або духоўная праблема, якую нельга вырашыць хірургічным шляхам.

# Цела як прылада

Нашая каштоўнасць не залежыць ад фізічных уласцівасцяў і знешняга выгляду! Нашае жыццё каштоўнае, бо мы створаныя Богам па Яго падабенстве, і гэтае падабенства найперш выяўляецца ў нашых душах, дзе знаходзіцца сапраўдная прыгажосць. Бог даў нам нашыя целы, і таму, калі мы адмаўляемся ад іх, жадаючы выглядаць, як нехта іншы, мы адмаўляемся ад Божых дароў. Мы павінны быць уважлівымі і не выкарыстоўваць нашыя целы так, нібыта яны толькі прылады для таго, каб, напрыклад, дасягнуць штучнай прыгажосці, якая не пасуе нам. Нашыя целы — частка свету, які знаходзіцца ва ўпадку, таму яны недасканалыя, хварэюць, старэюць і паміраюць. Мы мусім клапаціцца пра сваё фізічнае здароўе, але ў той жа час павінны прыняць той факт, што немагчыма заўжды заставацца маладымі і фізічна прывабнымі. Яшчэ адна праблема ўзнікае тады, калі над людзьмі за плату праводзяць медыцынскія эксперыменты. Чалавечае цела — не тавар на продаж. Зразумела, можна згадзіцца на нейкія эксперыменты, каб дапамагчы знайсці шляхі лячэння іншых людзей, калі гэта вашая мэта і калі гэта не прынясе празмернай шкоды вам самім. Неабходна клапаціцца пра цела, якое Бог даў нам, і не ставіцца да яго безразважліва.

#Ці можна рабіць аперацыі па змене полу?

Транссексуал — гэта мужчына, які атаясамлівае сябе з жанчынаю і наадварот. Гэта не тое самае, што трансвестыт — чалавек, які любіць насіць адзенне, уласцівае людзям іншага полу. Некаторыя транссексуалы робяць аперацыі, каб зрабіць сваё цела падобным да іншага полу. Касцёл выступае супраць падобных аперацый, таму што пол — гэта фізічная і біялагічная рэальнасць, якую нельга змяняць з дапамогаю хірургіі. Падобныя аперацыі калечаць цела, выклікаюць бясплоднасць і робяць немагчымым стварэнне сужэнства. Транссексуальнасць — сур’ёзная псіхічная праблема, якая выклікае вялікія пакуты, але яе нельга вылечыць хірургічным шляхам. Транссексуалам хутчэй патрэбная псіхалагічная дапамога, каб навучыцца прымаць сябе і знайсці напоўненыя сэнсам адносіны, застаючыся самімі сабою. Мы можам быць упэўненыя ў тым, што Бог, які стварыў нас, любіць нас такімі, якія мы ёсць, і як бы ні пакутаваў чалавек, Хрыстус заўжды пераносіць пакуты разам з ім.

 

Чытай больш: Павага да цела: ККК 2297; КККК 477; YOUCAT 387, 392. Эксперыменты над людзьмі: ККК 2292–2295; КККК 475; YOUCAT 390.  

 

 

 


Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько

 

© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
©
пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2016
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней