Разважанні над Божым словам разам з айцамі марыянамі

Адвэнт распачаўся ў сеціве праектам айцоў марыянаў пад назваю«500-годдзе беларускай Бібліі святкуй разам з Кангрэгацыяй айцоў марыянаў». Супольнасць падрыхтавала адмысловыя разважанні над Божым словам на кожны дзень.


«Ідэя напісаць разважанні да чытанняў дня нарадзілася з просьбы звычайных вернікаў, якім падчас карыстання Бібліяй патрэбна дадатковае слова для разумення тэксту. Так склалася, што год, да якога мы з братамі марыянамі пачалі пісаць свае разважанні, з’яўляецца годам юбілею Бібліі Скарыны. Менавіта гэтая падзея дадала нам сілы і натхнення працаваць. Нам хацелася, каб святкаванне мела найперш духоўны характар», распавёў карэспандэнту часопіса «Ave Maria» аўтар ідэі праекта, айцец Андрэй Сідаровіч MIC.

Разважанні да Божага слова на кожны дзень для гэтага праекта напісалі святары і браты марыяне з розных краінаў свету. Практычна ідэю рэалізоўвала каманда праграмы «Малітоўнік», у якую ўвайшла працоўная моладзь з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мікрараёне Сухарава.

«Новы праект — гэта заўсёды магчымасць аб'яднацца, паслужыць Богу і людзям, а таксама дапамагчы зрабіць крок наперад нашаму беларускаму Касцёлу.

Наша праграма бясплатная, яна з’яўляецца плёнам працы каманды энтузіястаў, таму ўся праца выконвалася праз валанцёрства. Мы ганарымся тым, што ахвяроўваем камусьці якасны каталіцкі праект, які дапамагае маліцца, чытаць Біблію, а цяпер таксама і разважаць над чытаннямі дня. Наша ўзнагарода — гэта падзяка карыстальнікаў, кожная новая спампоўка дадатку і кожны новы чалавек, якому „Малітоўнік“ дапамагае. Здаралася, што нас знаходзілі людзі, якія ахвяравалі грошы на развіццё „Малітоўніка“»,гаворыць кантэнт-менеджар праекту «Малітоўнік» Юліяна Самакар.

Уся праца над падрыхтоўкай разважанняў у каманды заняла паўтара года,а тэхнічная праца, звязаная з праграмаю і сайтам, працягвалася тры месяцы.

«Мы ўключыліся ў працу, калі з’явіліся першыя напісаныя тэксты: а. Андрэй іх перакладаў, а Вольга (рэдактар тэкстаў) прыводзіла ў парадак перад публікацыяй. Потым Арцём і Юліяна тэхнічна апрацоўвалі файлы для «заліўкі» на сайт, а Цігран рыхтаваў праграму да „запуску“ 27 лістапада», распавяла Юліяна Самакар.

Стварэннем праекту «Разважанні на кожны дзень» займалася 6 чалавек:а. Андрэй Сідаровіч МІС — заснавальнік, генератар ідэяў, перакладчык; Цігран Саркісян — android-распрацоўшчык; Арцём Баёк — web-распрацоўшчык; Вольга Жвірко — рэдактар тэкстаў; Юліяна Самакар — кантэнт-менэджар; а. Павел Федаровіч — памочнік а. Андрэя, аўтар разважанняў.

«Сучасны чалавек жыве ў гэтым свеце ў хуткім рытме, калі так цяжка ў штодзённай мітусні суцішыцца, затрымацца і пабыць сам-насам з Богам. Але з дапамогай тэлефона, які заўсёды ў кішэні, можна знайсці некалькі хвілін, каб адкрыць слова Божае і паразважаць над ім. Мы спадзяемся і верым, што Бог будзе дакранацца да сэрцаў людзей праз разважанні марыянаў і заклікаць да змены жыцця ў лепшы бок», падкрэсліваюць стваральнікі праекту.

Паводле словаў а. Андрэя Сідаровіча MIC, праект будзе распрацоўвацца на працягу ўсяго літургічнага году, да лістапада 2017 года.

«Можна сказаць, што мы толькі вырушылі на святкаванне», гаворыць святар. — Мы, як марыяне, заўсёды былі ўражлівыя на беларускую нацыянальную ідэю. Нездарма ў нашых шэрагах былі такія людзі, як айцецЯзэп Германовіч, вядомы як паэт Вінцук Адважны. Гэты праект —не толькі даніна асветніцкай дзейнасці Францішка Скарыны, але таксама спроба заклікаць людзей разважаць над тэкстамі Бібліі. Мая мара зрабіць даступным у праграме Літургію Гадзінаў на беларускай мове, а таксама Біблію па-беларуску. Пра гэта найчасцей просяць нашы карыстальнікі».

Паразважаць над словам Божым разам з айцамі марыянамі можна:

 


Марына Валасар
Фота з адкрытых крыніцаў і матэрыялаў стваральнікаў праекту.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней