«Ідзіце, раскажыце тое, што чуеце і бачыце»

Трэцяя нядзеля Адвэнту, год А (11.12.2016)

А Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».

Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана:  “Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою”. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго.

(Мц 11, 2–11)

«Ідзіце, раскажыце тое, што чуеце і бачыце»

Калі сёння Ян Хрысціцель пытаецца ў Езуса, ці Месія Ён, Езус просіць пасланцаў распавесці Яну, што яны бачаць: кульгавыя ходзяць, глухія чуюць, сляпыя зноў бачаць. Тое, што адбываецца вакол Езуса, будзе для Яна выразным сведчаннем таго, што Ён — Месія. Ян добра ведае прароцтва Ісаі пра Месію, ведае, што гэта знакі надыходу Божага Валадарства. Праз сваіх пасланцаў Ян даведваецца, што здзяйсняюцца словы Святога Пісання.

Цяпер мы жывём у іншую эпоху гісторыі збаўлення — мы чакаем паўторнага, а не першага прыйсця Месіі, але гэтак жа, як Ян, мы павінны быць здольныя заўважыць, як Святое Пісанне здзяйсняецца ў нашым жыцці. З аднаго боку, Евангелле распавядае пра жыццё канкрэтных людзей, якімі мы не з'яўляемся: напрыклад, я не святы Пётр і не Закхей. А з іншага боку, Хрыстус, якога мы сустракаем у евангельскіх словах, — гэта той самы Хрыстус, які заўжды побач з намі. Мы часта трапляем у сітуацыі, якія апісваюцца ў Евангеллі. Часта здараюцца падзеі, падобныя да тых, пра якія мы чытаем там. Варта і сёння, разглядаючы розныя выпадкі ў сваім жыцці, зірнуць на іх у святле Евангелля, знайсці іх у Евангеллі. Тады нам лягчэй будзе распазнаць Хрыста, які стаіць побач з намі.

Айцец Крыштаф Коц'ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней