5 духоўных парадаў ад св. Яна ад Крыжа

Сёння адзначаем літургічны ўспамін св. Яна ад Крыжа, святара і доктара Касцёла. Прапануем вам некалькі цытатаў гэтага вялікага містыка XVI ст. з кнігі «Дзейсная ноч пачуццяў» трактата «Узыход на гару Кармэль».


«Усё багацце і слава стварэння ў параўнанні з багаццем, якім ёсць Бог, з’яўляюцца найвялікшым убоствам і нікчэмнасцю. І таму душа, улюбёная ў сваё ўласнае зямное багацце, ёсць у найвышэйшай ступені ўбогаю і нікчэмнаю перад абліччам Бога».

«Калі б ведалі людзі, якія жывуць духоўным жыццём, колькі духоўнага багацця і якую шчодрасць яны губляюць, калі не хочуць вызваліць свае жаданні ад рэчаў, што не маюць ніякай каштоўнасці. Калі б яны адмовіліся ад іх, дык у гэтым простым духоўным пасілку яны засмакавалі б усе рэчы».

«Пан загадаў, каб алтар, на якім павінен быў размясціцца Каўчэг Запавету, быў унутры пустым (Зых 27, 8). Бог прагне, каб душа зразумела, што, каб стацца алтаром, годным прысутнасці Ягонай Боскай Вялікасці, яна павінна быць пустою, пазбаўленаю ўсіх рэчаў. Ён ніколі не дазваляў, каб на гэтым алтары замест святога агню запальваўся паганскі агонь».


«Тыя, хто не здольны ўмярцвіць сваіх жаданняў, павернуцца праваруч і ўбачаць насычаных салодкім духам, што знаходзяцца праваруч Бога, духам, які ім не дадзены. І тады яны бягуць леваруч і задавальняюць свае жаданні рэчамі створанымі, але таксама не насычаюцца, бо яны пакінулі тое, што сапраўды можа спатоліць, і жывяцца тым, што выклікае яшчэ большы голад. Зразумела цяпер, чаму жаданні стамляюць і знясільваюць душу».

«Стварэнне мучыць, а дух Божы аднаўляе. І таму Ён кліча нас, кажучы: усе вы крочыце, засмучаныя і знясіленыя пад цяжарам вашых турботаў і вашых жаданняў; вызваліцеся ад іх і прыйдзіце да Мяне, і Я аднаўлю вас, вы знойдзеце для душаў вашых адпачынак, якога пазбаўляюць вас вашыя жаданні. Яны становяцца для вас цяжкім ярмом...»


Пераклад з іспанскай мовы Святланы Грэсві.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней