Па традыцыі снежаньскі нумар часопіса «AveMaria» ахоплівае сваім зместам літургічныя перыяды Адвэнту і Нараджэння Пана. Сёлета ў гэты радасны зімовы час рэдакцыя часопіса прапануе чытачам паразважаць пра з’яўленне на свет Божага Дзіцяці ў кантэксце найважнейшай каштоўнасці на зямлі — дару жыцця.
Гэтая тэматыка набыла яшчэ большую актуальнасць у святле апошніх дыскусій пра маральную ацэнку аборту, якія вяліся ў свецкіх і рэлігійных СМІ. Стаўленне беларускага грамадства да гэтай праблемы і дзейнасць айчынных пралайф-арганізацый аналізуе Марына Валасар у артыкуле «Бітва за жыццё».
Гінеколаг Алена Місан у гутарцы з карэспандэнтам Вольгай Качалкай распавядае пра цяжкасці, з якімі ёй даводзіцца сутыкацца ва ўрачэбнай практыцы ў сувязі з яе адмаўленнем ад аперацый перарывання цяжарнасці (артыкул «Аборт перастае быць нормаю»). Алена дзеліцца сваім досведам працы з пацыенткамі, якія жадаюць зрабіць аборт, распавядае пра адносіны з калегамі і кіраўніцтвам, а таксама пра плён малітвы за дзяцей, якія знаходзяцца перад пагрозаю забойства.
У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» кс. Андрэй Рылка піша пра душпастырскую падтрымку сямейных параў або асобных жанчынаў, якія ўчынілі грэх аборту («У чым асаблівасці сакрамэнту пакаяння пасля граху аборту?»), а псіхатэрапеўт Уладзімір Віллер, які займаецца крызісным кансультаваннем у аддзяленні для цяжарных клінічнай бальніцы г. Саратава (Расія), дзеліцца сваімі метадамі працы з жанчынамі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі і ў сувязі з гэтым збіраюцца перарваць цяжарнасць («Адчыненыя дзверы»).
«Малітвы ў абарону жыцця», змешчаныя на вокладцы снежаньскага нумара часопіса, папоўняць малітоўную скарбніцу чытачоў і заахвоцяць да духоўнага заступніцтва за ненароджаных дзяцей і іх маці перад Панам Богам.
Вернікаў таксама чакаюць іншыя цікавыя публікацыі ў рубрыках «Школа малітвы», «Старонка псіхолага», «Пра святую Імшу», «Інтэрв’ю», «Сведчанне», «Парафіяне», «Манаскія супольнасці».
Ганна Шаўчэнка