
Тры з паловаю гады прайшло пасля таго, як папа Францішак адмовіўся ад папскіх апартаментаў у Апостальскім палацы ў Ватыкане, цяпер Пантыфік адмаўляецца і ад летняй рэзідэнцыі каля Рыма ў гарадку Кастэль Гандольфа.
21 кастрычніка папскія апартаменты сталі часткаю музея і былі далучаныя да іншых залаў палаца, якія ўжо больш за год даступныя для наведвання, — паведамляе італьянская газета «La Repubblica».
Для біскупаў Рыма Кастэль Гандольфа была летняю рэзідэнцыяю з часоў Урбана VIII (XVIIст.). Апошнім Папам, які жыў у Кастэль Гандольфа, быў Бэнэдыкт XVI. Папа Францішак ні разу там не начаваў (праз некалькі дзён пасля яго абрання Пантыфікам ён толькі наведаў тут свайго папярэдніка).
Турысты змогуць убачыць, апроч іншага, спальню Папы, якая адыграла важную ролю падчас Другой сусветнай вайны: у студзені 1944 г., калі ваколіцы Кастэль Гандольфа сталі арэнаю крывавых бітваў, Папа Пій XII адчыніў сваю рэзідэнцыю для жанчын, якія збіраліся нараджаць. На папскім ложку адбылося каля 40 родаў. Немаўлятаў, якія тады з’явіліся на свет, называлі пазней «дзецьмі Папы».
Таксама можна будзе наведаць папскую капліцу, у якой па жаданні Пія ХІ, былога Апостальскага Нунцыя ў Польшчы, Ян Генрых Росэн намаляваў фрэскі, якія адлюстроўваюць абарону Яснай Гары ад шведаў у 1655 г. і Варшаўскую бітву 1920 года.
Пераклад з польскай мовы Волі Качалкі.
Паводле «Wiadomości KAI».