
Даючы жыццё новым людзям, мы пэўным чынам супрацоўнічаем з самім Стварыцелем. Што можа быць больш цудоўным за з’яўленне дзіцяці на свет? Але варта з разважлівасцю ўспрымаць сваю здольнасць да бацькоўства, адказна ставіцца да планавання ўласнай сям’і.
Менструальны цыкл мае свае фазы: некаторы час жанчына з’яўляецца плоднаю, а ў астатні час зацяжарыць не можа. У гэтыя перыяды адбываюцца пэўныя цялесныя змены, падчас якіх жанчына знаходзіцца ў фазе плоднасці або не. Натуральныя метады планавання сям’і ўключаюць у сябе назіранне за гэтымі знакамі, што дапамагае парам адкласці цяжарнасць або зачаць дзіця. Такім чынам іх інтымнае жыццё адпавядае таму, якімі нас стварыў Бог.
# Жыць свядома
У супрацьлегласць таблеткам, хімічным і іншым кантрацэптывам, распазнаванне ўласнай плоднасці не з’яўляецца ўмяшальніцтвам у біялогію жанчыны з мэтаю зрабіць яе бясплоднаю. Метад вучыць жанчыну разумець, калі яна бывае плоднаю, а калі не. Ведаючы гэта, яна і яе муж могуць вырашаць, калі мець секуальныя адносіны. Калі яны гатовыя прыняць дзіця, то могуць вырашыць жыць інтымным жыццём падчас фазы плоднасці жанчыны. Але калі яны маюць сур’ёзныя прычыны для таго, каб не дапусціць цяжарнасці, то могуць выбраць для інтымнага жыцця толькі той перыяд, калі жанчына не зацяжарыць. Існуе некалькі спосабаў распазнання фазаў плоднасці.
# Натуральнае планаванне сям’і
Адзін з іх называецца метадам натуральнага планавання сям’і (МНПС), або метадам распазнавання плоднасці. Гэты метад вельмі дакладны, таму што адсочвае не адну прыкмету плоднасці. Калі зрабіць гэтае назіранне прывычкаю, ужо цяжка не заўважыць знакаў, якімі цела сігналізуе аб перыядзе плоднасці. Многія пары выкарыстоўваюць кантрацэптывы таму, што не ведаюць нічога лепшага або не давяраюць натуральным метадам планавання, але, як ні дзіўна, метад натуральнага планавання сям’і настолькі ж эфектыўны, як і таблеткі, і ў пяць разоў больш эфектыўны, чым выкарыстанне прэзерватываў (гл. табліцу).
# Падыходзіць для сужэнцаў
Наогул, сексуальныя адносіны мужа і жонкі заўжды павінны быць адкрытымі на новае жыццё. Паколькі МНПС не падаўляе прыродную здольнасць да зачацця, пары, якія выкарыстоўваюць яго, заўжды адкрытыя на магчымасць з’яўлення дзіцяці. Гэта асноўная розніца паміж штучнымі і натуральнымі метадамі кантролю нараджальнасці: першыя хімічным або механічным чынам падаўляюць плоднасць, а другія шануюць гэтую здольнасць чалавека і падстройваюцца пад яе. Практыкаванне МНПС вучыць свядомаму стаўленню да свайго цела, камунікацыі, разважлівасці і асабістай дысцыпліне. У выніку, сужэнствы, у якіх выкарыстоўваюцца гэтыя натуральныя метады, з’яўляюцца больш паспяховымі.
Эфектыўнасць метадаў кантролю нараджальнасці *
Від | Ідэальны вынік | На практыцы |
Стэрылізацыя мужчыны | < 0.1 % | 0.1 % |
Стэрылізацыя жанчыны | ад 0.2 да 3 % | ад 0.2 да 3 % |
Таблеткі | 0.5 % | ад 0.5 да 10 % |
МНПС (тэмп. і слізь) | 0.4 % | 2 % |
Тэмпература | 1 % | ад 2.5 да 7 % |
Метад Білінгса (слізь) | ад 1 да 3 % | ад 3 да 35 % |
Рытм | ад 3 да 5 % | 12 % |
Прэзерватыў | ад 2 да 5 % | ад 10 да 12 % |
Нічога | 85 % | 85 % |
* Улічваецца магчымасць зацяжарыць пры выкарыстанні метаду на працягу 1 года.
Якія натуральныя метады існуюць, што дапамагаюць даведацца пра фазу плоднасці жанчыны?
Жанчына можа падлічыць, калі яна знаходзіцца ў фазе няплоднасці, назіраючы за рытмам сваіх папярэдніх цыклаў, але чалавечае цела не жыве па дакладна вылічанай мадэлі, і цыклы адрозніваюцца між сабою, таму гэты метад вельмі недакладны.
Пад’ём базальнай тэмпературы цела на 0,5 градуса, калі яе мераць адразу пасля абуджэння раніцаю, сведчыць, што ў целе жанчыны адбылася авуляцыя. Праз некалькі дзён пасля гэтага пачынаецца фаза няплоднасці. Існуюць іншыя прычыны, па якіх тэмпература цела можа падняцца, таму часам вядзецца назіранне і за іншымі прыкметамі плоднасці. Пачатак і заканчэнне перыяду плоднасці можна распазнаць па зменах слізі шыйкі маткі, неабходнай для таго, каб выжылі сперматазоіды. Метад Білінгса заключаецца ў назіранні за сліззю. МНПС заключаецца ў назіранні за сліззю і тэмператураю. Яшчэ адзін метад — правяраць узровень гармонаў у ранішняй мачы, каб убачыць, ці пачалася фаза плоднасці.
Калі жанчыны, якія змагаюцца з бясплоднасцю, упершыню звяртаюцца па медыцынскую дапамогу ў вырашэнні гэтай праблемы, іх часта вучаць назіраць за фізічнымі знакамі, якія сведчаць пра тое, што яны могуць зачаць дзіця. Усведамляючы ўсе перавагі гэтага метаду, добра было б, каб больш сужэнцаў практыкавала распазнаванне плоднасці.
Чытай больш: Кантроль нараджальнасці: ККК 2368–2372; КККК 497–498;
YOUCAT 420, 421.
Мішэль Рэмеры
Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
© 2015 by Michel Remery and JP2 Stichting, Leiden
Tweeting with God 4.26 When does human life begin
© пераклад на беларускую мову выдавецтва «Про Хрысто» 2016
Без пісьмовага дазволу рэдакцыі перадрук матэрыяла забаронены.