10 кніг, якія варта прачытаць зімовым вечарам

Мы правялі невялікае апытанне сярод моладзі і даведаліся, якія кнігі цікавяць маладых католікаў найбольш. Прапаноўваем топ 10 кніг, якія варта прачытаць зімовым вечарам у перыяд Адвэнту і Божага Нараджэння.


Безумоўна, найперш — слова Божае. Бо яно сапраўды дзейснае і жывое і можа даць адказы амаль на ўсе жыццёвыя пытанні. Дома, па дарозе на вучобу або працу, адкрыўшы Пісанне ў цвёрдай кніжнай вокладцы або ў дадатку на смартфоне, варта заглыбіцца ў гэты акіян Божай міласэрнасці і напоўніцца ёю спаўна, каб здзяйсняць штодзённыя подзвігі і з кожным днём набліжацца да нованароджанага Езуса.

1. Размова Андрэа Тарнеллі з папам Францішкам «Імя Бога Міласэрнасць».

«Гэтая кніга зацягвае! У ёй я знайшоў адказы на ўсе свае пытанні! Асабліва мяне закранула тэма споведзі, што вельмі важна ў перыяд Адвэнту, таму што нам трэба добра падрыхтавацца ў гэты час» (Арцём Макарэвіч, Мінск).

2. Ян Дабрачынскі «Цень Айца».

«Гэты раман адлюстроўвае падзеі Новага Запавету, дзяцінства Езуса. Але незвычайным спосабам. Дабрачынскі пераказаў евангельскую гісторыю так, як яе мог бачыць сам Юзаф. Калі мы чытаем гісторыю нараджэння Пана ў Бібліі, мы найперш бачым факты. Мы не ведаем, што адчуваў святы Юзаф, калі дазнаўся пра цяжарнасць Марыі, ці з якімі цяжкасцямі сустрэлася Святая Сям’я, калі ўцякала ў Егіпет. А ў гэтай кнізе аўтар цалкам разгарнуў новазапаветныя падзеі. У кнізе мы бачым, што Юзаф і Марыя былі людзьмі з эмоцыямі, хваляваннямі, бачым цяжкасці на іх шляху, перажыванні Юзафа, яго клопат пра Марыю і Езуса. Яшчэ адзін вялікі плюс гэтай кнігі ў тым, што мы адкрываем для сябе постаць святога Юзафа. Ён паўстае як сапраўдны прыклад добрага і любячага мужа і клапатлівага бацькі. Мы бачым, з якою вераю і трываласцю ён адносіцца да цяжкасцяў, наколькі важная яго прысутнасць у жыцці Езуса. Асабіста для мяне гэтая кніга стала вялікім адкрыццём» (Ліза Шыцікава, Мінск).

3. Клайв Стэйплз Льюіс «Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка».

«Першая кніга „Хронік Нарніі“ якраз нядаўна была перакладзена на беларускую мову. Гэтая гісторыя мае глыбокі хрысціянскі сэнс. У ёй у алегарычнай форме своеасабліва распавядаецца гісторыя стварэння свету. Кніга вучыць дабрыні, любові адзін да аднаго. Яе можна чытаць і самому, і разам з сям'ёй» (Ілья Міранкоў, Мінск).

4. Св. Хасэмарыя Эскрыва «Шлях і разора».

«На маю думку, св. Хасэмарыя пісаў проста і шчыра, як сябар сябру, таму я добра разумею такія кнігі і надоўга магу іх запомніць. Пасля яго словаў мне вельмі радасна і хочацца зрабіць што-небудзь класнае! Шмат чаго класнага! З'яўляецца натхненне і хочацца жыць і любіць» (Алена Палачанская, Мінск).

5. Ф. М. Дастаеўскі «Браты Карамазавы».

«Вядома, што гэта раман з’яўляецца адной з вяршыняў творчасці Дастаеўскага. Кніга заклікае паспрабаваць знайсці адказы на складаныя пытанні і, нават калі адказаць на іх нельга, само імкненне да пошуку гэтых адказаў нараджае ў душы вельмі патрэбныя інтанацыі. Для мяне гэты раман у першую чаргу пра пошук Бога і пра тое, што нават у самую цёмную ноч нашай душы Бог не пакідае нас, хоць часта мы гэтага не разумеем. І, вядома ж, гэта раман аб прыродзе зла, якое пускае свае карані ў нашых сэрцах, калі мы губляем Бога.

Кніга насычанаямноствам сэнсаў, яна мае складаную структуру і ўзнімаевельмі важныя тэмы. Яна будзе цікавая і карысная ўсім, хто імкнецца зазірнуць унутр сябе, і ўсім, хто з надзеяй узнімае вочы ў Неба» (Міхаіл Сяргеенка, Мінск).

6. Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езус і Святога Аблічча «Гісторыя адной душы».

«Раю ўсім прачытаць гэтую кнігу. Чытаючы яе, я зразумела, што вельмі проста любiць Бога ў небе i адначасова вельмi цяжка ўбачыць Бога ў тых, хто знаходзіцца побач з табою. Калі хочаш служыць Богу, не трэба выдумляць нейкiх вялiкiх рэчаў. Заўсёды ёсць побач той, каму можна i трэба дапамагчы. Лепей самая маленькая дапамога, чым вялiкiя мары аб невядомым служэннi. А малiтва за навяртанне забойцы кранула мяне вельмi моцна. Няма страчаных людзей. Заўсёды ёсць надзея.» (Альбіна Пікулік, Мінск).

7. Бруна Ферэра «Сорак апавяданняў у пустыні».

«Кнігі серыі „Кароткія гісторыі для душыгэтага аўтара аўтара могуць называцца па-рознаму. Яны складаюцца з кароценькіх павучальных апавяданняў, прыпавесцяў, над якімі можна і трэба разважаць. Серыя прыдатная не толькі для часу Адвэнту або Вялікага посту, але і для чытання на кожны дзень» (Віктар Ведзень, Мінск).

8. Глорыя Пола «Працятая маланкаю, або Бог даў мне другі шанец».

«Гэтая кніга мне падабаецца, бо ў ёй гаворыцца пра цуд: жанчына была працятая маланкаю, але выжыла. Яна была ў коме, і ўсе казалі, што яна ўжо не ачнецца, але яе сястра верыла і была супраць адключэння ад апарату падтрымання жыцця. І Глорыя выжыла…

У гэтай кнізе вельмі добра тлумачацца 10 запаведзяў. Мы часам нават не падазраем, што ўчынілі пэўны грэх, або думаем, што ён нічога не значыць, ён малы. Глорыя была атэісткай у той момант, калі ў яе ўдарыла маланка, але прыйшла да Бога, і Ён даў ёй шанец вярнуцца да Яго. Аўтар пераканаўча гаворыць пра тое, што Бог заўсёды побач з намі, Ён не зважае на тое, як мы выглядаем, а глядзіць унутр. Думаю, гэта добрая кніга. Я яе часта чытала падчас Адвэнту і зразумела, што Бог заўсёды нас чакае, але ад нас залежыць, выберам мы айцом Бога ці злога духа» (Яна Шаціла, Мінск).

9. Маці Тэрэза з Калькуты «Будзь маім святлом».

«Гэтая кніга складаецца з лістоў і дзённікавых запісаў, напісаных самой маці Тэрэзай. З яе старонак проста адучуваеш любоў і міласэрнасць Бога да кожнага чалавека. Багатая кніга і на красамоўныя выказванні, якімі можна кіравацца кожны дзень ў віхуры нашага такога нестабільнага жыцця. Кніга-біяграфія, кніга-разважанне, кніга-сімвал міласэрнасці і любові Божай вось так я ахарактарызую гэты твор!  Чаму менавіта яе раю прачытаць? У сучасным свеце нам так не хапае цярплівасці, дабрыні і любові да свайго бліжняга і саміх сябе, а маці Тэрэза вучыць заўсёды любіць дасканалай любоўю. Заўсёды любіць і кропка. А яшчэ яна гаворыць:„Усё, што вы робіце, рабіце з любоўю альбо не рабіце зусім“. Няхай гэтыя словы заўсёды папярэднічаюць нашым думкам і дзеянням. Няхай гэтыя словы стануць дэвізам па жыцці кожнага чалавека» (Іна Саўко, Мінск).

10. Лары Рычардс «Будзь мужчынам. Як стаць мужчынам, якім задумаў цябе Бог».

«У гэтай кнізе аўтар – каталіцкі святар — узнімае актуальныя для многіх мужчын пытанні адносна іх стаўлення да веры, сям’і, сяброўства і здзяйснення выбару» (Яўген Дудкін, Гродна).


Падрыхтавала Марына Валасар.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней