
Чацвёртая нядзеля Адвэнту, год А (18.12.2016)
Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.
Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
(Мц 1, 18–24)
«Вось Дзева зачне і народзіць Сына»
Ужо блізка той час, калі мы будзем цешыцца Нараджэннем Пана, невыказнаю таямніцаю Уцелаўлення Бога, які не застаўся недзе далёка ад свайго стварэння, а захацеў быць «Богам з намі». Разважаючы пра здарэнні, якія папярэднічалі нараджэнню Збаўцы ў Бэтлееме, можна заўважыць, як дасканала, як мякка дзейнічае Бог у жыцці тых, хто Яму давярае. Мы не знойдзем тут нечаканых паваротаў сюжэту, нейкіх неспадзяванак, больш характэрных для розных шоў, што капіруюць рэальнае жыццё. Бог без лішніх намаганняў можа быць арыгінальным у простых здарэннях. Марыя кажа Богу «так» і проста чакае дзіцяці. Юзаф, добра ведаючы традыцыі свайго народа, хоча ўратаваць нарачоную па-свойму, але атрымлівае з вуснаў анёла падказку, як зрабіць гэта правільна. Святая Сям’я гатовая да прыйсця Бога.
Ужо вядомае Яго імя, але яшчэ невядомыя месца і час Яго з’яўлення. Невядомыя тым, хто не чакае, бо месца было прадказанае прарокам (Міх 5, 1), а «поўня часу» (пар. Гал 4, 4) ужо настала, цуд Уцелаўлення адбыўся ў момант зачацця. Ці не нагадвае ўсё гэта прыгожую казку, якую цікава слухаць у перадсвяточны час? Магло б быць так, калі б гэтая гісторыя была выдуманая. Але сведкі, распавядаючы пра здарэнне, паклапаціліся і пра факты. Хутка мы пачуем у літургіі: «Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі...» (Лк 2, 1–2). Гэта не казка, але ж у якіх захапляльных падзеях бяруць удзел Юзаф і Марыя! І такім жа захапляльным можа стаць жыццё кожнага чалавека, які дазволіць Богу нарадзіцца ў сваім сэрцы. Яму не патрэбны палац, Ён прызвычаены да беднасці. Трэба толькі крыху прыбраць, падрыхтаваць Яму месца...
Айцец Павел Мажэйка OP