
«Мы растрацілі і змарнавалі хрысціянскую спадчыну», — сказаў кардынал Крыстаф Шонбарн падчас святой Імшы ў венскай катэдры св. Стэфана. Яго казанне, прамоўленае 12 верасня падчас успаміну Найсвяцейшага Імя Марыі, разышлося гучным рэхам у нямецкамоўных СМІ.
Арцыбіскуп Вены нагадаў, што гэтае свята было ўстаноўлена папам Інакенціем ХІ з нагоды вялікага разгрому туркаў пад Венаю 333 гады назад.
— А цяпер здзіўляемся, як выглядае гэтая Еўропа. Мы, як той марнатраўны сын, які змарнаваў каштоўны набытак бацькі, каштоўную хрысціянскую спадчыну. А цяпер аказваецца, што калі мы вязнем у клопатах, нам не хапае чагосьці ззаду і спераду. Не толькі з эканамічнага пункту гледжання, але яшчэ ў большай ступені ў чалавечым і рэлігійным сэнсе, — сказаў кард. Шонбарн. І запытаўся:
— Што будзе з Еўропаю? Ці з’яўляемся мы цяпер сведкамі трэцяй спробы ісламскага заваявання Еўропы? Шмат мусульманаў мараць пра гэта, кажучы: «Гэта канец Еўропы».
Мяркую, што мы павінны звяртацца да Бога, просячы: «Пане, дай нам яшчэ адзін шанец! Не забудзь, што мы Твой народ». Як Майсей, скажам жа Богу: «Гэта Твой народ, Ты яго вывеў з егіпецкай зямлі, Ты яго асвяціў, гэта Твой народ».
На заканчэнне арцыбіскуп Вены заклікаў да малітвы: «Просім: Пане, нагадвай нам аб тым, што мы з’яўляемся Тваім народам. А калі мы заблукалі, калі змарнавалі спадчыну, Пане, не выракайся нас! Не выракайся той Еўропы, якая дала столькі святых. Не выракайся нас з-за нашай апатыі ў веры».
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі.
Паводле «Wiadomosci KAI».