«Божае Нараджэнне як феномен агульначалавечай культуры» — II навукова-практычная канферэнцыя ў Віцебску.

У Віцебску ў межах Дзён хрысціянскай культуры адбылася II навукова-практычная канферэнцыя «Божае Нараджэнне як феномен агульначалавечай культуры». Як і мінулагодняя, яна праходзіла ў сценах Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава, таму асноўнымі яе слухачамі і гэтым разам былі маладыя людзі розных веравызнанняў, выкладчыкі навучальнай установы.


Пасля кароткага ўступу сябра арганізацыйнага камітэта, канцлера дыяцэзіяльнай курыі кс. Віктара Місевіча з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік загадчыка Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Сяргей Фадзеенкаў.

З заяўленых на канферэнцыю трынаццаці дакладаў былі заслуханыя шэсць. Усе яны былі вартыя ўвагі і выклікалі зацікаўленне ў шэрагах слухачоў.

Балючую тэму перашкодаў у справе належнага, адпаведнага даўнім традыцыям святкавання Божага Нараджэння на абсягах цяперашняй Віцебскай дыяцэзіі ў часы татальнага атэізму закранула ў сваім дакладзе дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П. М. Машэрава Кацярына Лаўрыненка.

Пра Адвэнт як перыяд падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння ў літургічным годзе Каталіцкага Касцёла разважаў магістр, ліцэнцыят тэалогіі, выкладчык Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Лішко. 
Пра Божае Нараджэнне паводле кананічнага права распавёў прысутным магістр, ліцэнцыят кананічнага права кс. Віктар Місевіч.

Свой погляд на тэму традыцый святкавання Божага Нараджэння ў асяродку каталіцкай шляхты Рэчы Паспалітай XVII-XVIII стст. прапанавала студэнтка факультэта гісторыі і турызму Полацкага дзяржуніверсітэта Наталля Мізярска.

Цікавымі назіраннямі пра асвятленне аднаго з найважнейшых святаў літургічнага году ў сродках масавай інфармацыі падзяліўся магістр, ліцэнцыят тэалогіі, дырэктар беларускай секцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня.

Пра тэалагічны змест і маральны сэнс свята Божага Нараджэння распавяла сястра Дар’я Галубкова OV з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта.

З тэзісамі астатніх дакладаў ахвотныя маюць магчымасць  пазнаёміцца па выдадзенай адмыслова падрыхтаванай да канферэнцыі брашуры «Божае Нараджэнне як феномен агульначалавечай культуры. II навукова-практычная канферэнцыя. Віцебск. 17 снежня 2016 г.» (выд. «Медысонт»).


Францішак Дубраўскі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней