
Паводле сталай традыцыі, напярэдадні свята Божага Нараджэння ў курыі Віцебскай дыяцэзіі адбываецца сустрэча біскупа Алега Буткевіча з карэспандэнтамі мясцовых і агульнабеларускіх (як каталіцкіх, так і свецкіх) сродкаў масавай інфармацыі. Не стаў выключэннем і сёлетні, вельмі насычаны ў дыяцэзіі мерапрыемствамі Дзён хрысціянскай культуры перадкалядны перыяд.
На сустрэчы, што праходзіла 20 снежня, прагучалі разважанні ардынарыя пра надзённыя справы душпастырскага жыцця ў дыяцэзіі і планы на будучыню, а таксама шматлікія пытанні журналістаў, якія закраналі праблемы будаўніцтва новых святыняў і давядзення да ладу распачатых навабудаў, узнаўлення касцёла святога Антонія ў цэнтры Віцебска, захавання капліцаў на тэрыторыі рэгіёна, праблему святарскіх пакліканняў і інш. На ўсе пытанні журналісты атрымалі грунтоўныя адказы іерарха.
Напрыканцы біскуп перадаў удзельнікам сустрэчы пісьмовае віншаванне ўсіх вернікаў і жыхароў Віцебшчыны з нагоды вялікага свята Божага Нараджэння. Сустрэча скончылася дзяленнем аплатка пры сціплым стале ў кавярні катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.
Францішак Дубраўскі
Фота: tut.by