
Урачыстасць Нараджэння Пана (25.12.2016)
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.
А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся.
Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».
Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
(Ян 1, 1–18)
«Слова сталася целам»
Першыя радкі Евангелля паводле св. Яна — адно з важнейшых месцаў Святога Пісання, у якім найбольш выразна сцвярджаецца праўда пра ўцелаўленне Бога. «На пачатку было Слова… і Богам было Слова…Слова сталася целам». Ці ж гэта не раўназначна выразу: «Бог стаў чалавекам»? Нябачная духоўная Першакрыніца ўсяго існага прыняла бачнае матэрыяльнае чалавечае цела, пры гэтым нічога не страціўшы са сваёй Боскасці. Таму ўсім, хто сумняваецца ва ўзгаданай праўдзе, варта было б суаднесці сваё перакананне ў тым, што Езус, народжаны ў Бэтлееме ў сям’і рамесніка падчас панавання караля Ірада, — проста выдатная гістарычная постаць, заснавальнік адной з сусветных рэлігій, са сцвярджэннем вучня Настаўніка з Назарэту, святога Яна Евангеліста, якога па праву называюць таксама Багасловам. Нездарма яго натхнёныя словы гучаць напрыканцы амаль кожнай святой Імшы, цэлебраванай у трыдэнцкім рыце. І сёння вельмі важна заўжды ўсведамляць і разважаць над праўдамі веры, якім часта супярэчаць, калі не яўна (як, напрыклад, сведкі Іеговы, не кажучы ўжо пра перакананых атэістаў), то прынамсі размываючы іх і адсоўваючы на далёкі план.
Цяпер, на жаль, многія з тых, хто лічыць сябе католікам і святкуе Божае Нараджэнне не толькі як прыгожую традыцыю, мала задумваюцца над значэннем і самога святла, і ўзгаданых словаў святога Яна… Сапраўды: «Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі». Не прынялі як Валадара жыцця і Стварыцеля, як святло і праўду, як адзіную крыніцу ласкі і дабрыні. Бо, калі б сапраўды прынялі, не шукалі б «альтэрнатыўнай» магчымасці стаць шчаслівымі, насуперак Яго вучэнню, не адсоўвалі б Яго на ўскрайкі не толькі грамадскага, але і свайго ўласнага жыцця, не дазвалялі б сабе і іншым фамільярнасці з Ім, не саромеліся б укленчыць перад прысутным у Эўхарыстыі Богам…
Недахоп веры ў Боскасць Хрыста і Яго рэальную прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце пачынаецца з адсутнасці веры ў сэнсоўнасць даўно ўсталяваных традыцыйных каталіцкіх практык. Потым ідзе недахоп веры ў нязменнасць і боскасць каталіцкай навукі, а заканчваецца ўсё практычным атэізмам…
«Я веру ў душы», — можна пачуць ад тых, хто не практыкуе веру. «У мяне асабістая сувязь з Богам», — з гонарам сцвярджаюць многія, хто не прызнае касцёльных аўтарытэтаў, кіруючыся толькі ўласнымі суб’ектыўнымі адчуваннямі…
Але ж чалавек — істота і духоўная, і матэрыяльная адначасова — патрабуе знешняга выражэння таго, у што верыць, чым жыве. Дзеля гэтага Бог-Сын і стаў Чалавекам, і «пасяліўся між намі» у сваім Містычным целе — Касцёле, каб праз матэрыяльныя знакі ўмацаваць духоўнае, скіраваць на правільны шлях, каб аднавіць страчаную гармонію душы і цела, надзяляючы сваім жыццядайным Духам смяротную чалавечую натуру.
А калі мы нават добрасумленна выконваем усё, чаму вучыць Касцёл — ад дапамогі бліжняму да годнага цэлебравання літургіі, ніколі не трэба забывацца ўзбуджаць у сабе матывацыю: шчыра прыняць паўнату ласкі і праўды з любові да Таго, Хто даў яе нам, прыйшоўшы ў гэты свет, каб мы маглі вечна сузіраць Яго славу і ўдзельнічаць у ёй.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP