Трыўмф Хрыста ў пакоры

У вігілію ўрачыстасці Божага Нараджэння прапануем вам паразважаць над таямніцаю ўцелаўлення Хрыста з дапамогаю ўрыўка з гаміліі св. Хосэмарыя Эскрывы, з кнігі «Хрыстус праходзіць побач», выдадзенай каталіцкім выдавецтвам «Про Хрысто». Сама ж кніга будзе добрым падарункам на свята!


Lux fulgebit hodie super nos, quia natus est nobis Dominus; «святло заззяла сёння над намі, бо нарадзіўся нам Пан». Гэтая вялікая навіна ўзрушае сёння сэрцы хрысціянаў, а праз іх яна звернутая да ўсяго чалавецтва. Бог тут. Гэтая праўда павінна напоўніць нашае жыццё: кожны год Нараджэнне Пана павінна стаць для нас новаю, асабліваю сустрэчаю з Богам, каб Яго святло і Ягоная ласка напоўнілі нашыя душы да самых глыбіняў. <…>

Iesus Christus, Deus Homo; Езус Хрыстус, Бог і Чалавек. Гэта адна з magnalia Dei, «вялікіх справаў Божых» (Дз 2, 11), над якімі мы павінны разважаць і за якія павінны дзякаваць Богу. Ён прыйшоў, каб прынесці на зямлю спакой людзям добрай волі (пар. Лк 2, 14). Усім людзям, якія хочуць з’яднаць сваю волю з добрай воляй Бога: не толькі багатым і не толькі бедным! Усім людзям, усім братам і сёстрам! Мы ўсе — браты і сёстры ў Езусе, дзеці Божыя, браты і сёстры Хрыста; Яго Маці з’яўляецца нашай Маці.

На зямлі ёсць толькі адна раса: раса Божых дзяцей. Мы ўсе павінны размаўляць адною моваю — тою, якой вучыць нас наш Нябесны Айцец: гэта мова дыялога Езуса з Ягоным Айцом; мова, якою размаўляюць сэрца і розум, якою вы карыстаецеся цяпер у вашых малітвах.

Гэта мова кантэмпляцыйных душаў, людзей духу, якія ўсведамляюць сваё боскае сыноўства. Гэта мова, якая праяўляецца ў тысячах памкненняў волі, у яркіх азарэннях розуму, у перажываннях сэрца, у рашэннях жыць у праўдзе, справядлівасці, радасці, спакоі.

Мы павінны глядзець на нашае ўмілаванае Дзіцятка ў калысцы. Нам трэба глядзець на Яго і ведаць, што стаім перад таямніцаю. Нам неабходна прыняць гэтую таямніцу з вераю і з вераю паглыбіцца ў яе сэнс. Дзеля гэтага патрэбна пастава пакоры, уласцівая хрысціянскай душы, — не імкнуцца паменшыць Божую веліч да памераў нашых вартых жалю ўяўленняў і паняццяў, нашых чалавечых тлумачэнняў, але разумець, што гэтая таямніца ў сваёй цемры з’яўляецца святлом, якое асвятляе чалавечае жыццё.

«Мы бачым, — пісаў святы Ян Хрызастом, — што Езус выйшаў з нас і з нашай сутнасці і што Ён нарадзіўся з Дзевы Маці, але не разумеем, як такое дзіва магло адбыцца. Давайце не будзем настойліва старацца адкрыць гэтую таямніцу, лепш з пакораю прымем тое, што Бог нам аб’явіў, не варушачы з цікаўнасці тое, што Ён ад нас укрыў» (In Matthaeum homiliae, 4, 3 // PG 57, 43). Маючы такую глыбокую пашану, мы будзем здольныя разумець і любіць, і гэтая таямніца стане для нас цудоўным настаўленнем, больш пераканаўчым, чым любыя чалавечыя аргументы.
<…>

Калі надыходзіць свята Нараджэння Пана, мне падабаецца сузіраць выявы Дзіцяткі Езуса. Гэтыя фігуркі, паказваючы нам Пана, які прынізіў сябе, нагадваюць мне, што Бог кліча нас, што Усемагутны пажадаў стаць безабаронным, што Ён пажадаў быць залежным ад людзей. З бэтлеемскай калыскі Хрыстус кажа мне і табе, што мы Яму патрэбныя, Ён вымагае ад нас весці хрысціянскае жыццё без кампрамісаў, поўнае адданасці, працы, радасці.


Мы ніколі не асягнем сапраўднай лагоднасці духа, калі не будзем следаваць праўдзе Езуса, калі не будзем пакорныя, як Ён. Я настойліва паўтараю: вы бачылі, у чым укрытая Божая веліч? У яслях, у пялюшках, у пячоры. Нашае жыццё стане дзейсным і збаўчым толькі тады, калі напоўніцца пакораю, калі мы перастанем клапаціцца пра сябе і з усёй адказнасцю пачнем дапамагаць іншым людзям.

Часам нават сярод добрых душаў становіцца звычайным правакаваць асабістыя канфлікты, якія вядуць да сур’ёзных турботаў, але не маюць ніякай аб’ектыўнай прычыны. Яны вынікаюць з недахопу ведаў пра саміх сябе, што вядзе да пыхі, — з’яўляецца жаданне знаходзіцца ў цэнтры ўсеагульнай увагі і захаплення, схільнасць заўжды выстаўляць сябе ў добрым святле, няўменне знікнуць, учыніўшы нешта добрае, зацыкленасць на асабістай бяспецы.

Такім чынам, многія душы, якія маглі б цешыцца дзівосным спакоем і нязмернай радасцю, з прычыны сваёй самазадаволенасці і ганарлівасці ператвараюцца ў душы няўдзячныя і бясплодныя.

Хрыстус быў «пакорны сэрцам» (Мц 11, 29). На працягу ўсяго свайго жыцця Ён не жадаў для сябе нічога асаблівага, ніякіх прывілеяў. Напачатку Ён правёў дзевяць месяцаў ва ўлонні сваёй Маці, як і кожны чалавек, да крайнасці натуральна. Езус больш чым хто ведаў, што чалавецтва пакутуе на вострую патрэбу Бога. З-за гэтага Ён прагнуў прыйсці на зямлю, каб збавіць кожную душу, але Ён не апярэджваў час. Прыйшоў у сваю гадзіну, як прыходзяць на свет усе іншыя людзі. З моманту зачацця і да нараджэння ніхто — апроч святога Юзафа і святой Альжбеты — не ведаў пра гэты цуд: Бог прыйшоў і пасяліўся сярод людзей.

Нараджэнне Пана таксама акружанае захапляльнай простасцю: Хрыстус прыходзіць сціпла, ніхто пра гэта не ведае. На зямлі толькі Марыя і Юзаф прымаюць удзел у гэтай боскай падзеі. І потым — тыя пастухі, якім з’явіліся анёлы. А яшчэ пазней — мудрацы з Усходу. Так адбываецца трансцэдэнтная падзея, у якой злучаюцца зямля і неба, Бог і чалавек.

Як можна мець такое цвёрдае сэрца, каб прывыкнуць да гэтых сцэнаў? Бог прыніжае сябе, каб мы маглі наблізіцца да Яго, каб маглі адказаць на Яго любоў нашай любоўю, каб нашая свабода з пашанаю схілілася не толькі перад відовішчам Яго моцы, але і перад цудам Яго пакоры.

Вось веліч Дзіцяткі, якое з’яўляецца Богам: Яго Айцец — Бог, які стварыў неба і зямлю, і Ён тут, у яслях, quia non era eis locus in diversorio, «бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 7); не знайшлося іншага месца на зямлі для Валадара ўсяго створанага.


Пераклад з іспанскай Юліі Шэдзько.


Набывайце кнігу ў кнігарні "Духоўная кніга" па адрасе:
г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 25 (тэл.: (017) 293-17-53)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней