
Урачыстасць святой Багародзіцы Марыі, год А (01.01.2016)
Прамовіў Пан да Майсея, кажучы:
Скажы Аарону і сынам ягоным: Так благаслаўляйце сыноў Ізраэля, кажучы ім:
Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам. І будуць заклікаць імя Маё над сынамі Ізраэля, і Я благаслаўлю іх.
(Ліч 6, 22–27)
Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне. А паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына свайго, які ўсклікае: «Абба, Ойча!» Таму ты ўжо не слуга, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы.
(Гал 4, 4–7)
І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім. Кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні.
(Лк 2, 16–21 )
«Няхай Пан адорыць цябе мірам»
Першы дзень студзеня ўжо на працягу пяцідзесяці гадоў святкуецца як Сусветны дзень міру. Гэтае свята ўвёў папа, благаслаўлёны Павел VI. Сённяшнія чытанні аб'яднаныя агульнаю думкаю, звязанаю са справаю Божага супакою. У першым чытанні з Кнігі лічбаў Бог абяцае сваё благаслаўленне. Малітва, якой Бог вучыць Аарона, каб той, як святар, прамаўляў яе над Божым народам, мае вельмі прыгожыя словы: «Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай». У другім чытанні з Паслання святога Паўла да Галатаў мы бачым словы: «Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго...». А ў Евангеллі паводле святога Лукі напісана, што Дзіця атрымала «імя Езус». Усе гэтыя словы з сённяшніх літургічных чытанняў — «паўната часу», «распраменіць сваё аблічча» і «імя Езус», якое азначае «Бог збаўляе», — гавораць нам пра Божую любоў, якая найпаўней выяўляе сябе ў Езусе Хрысце, Божым Сыне. Хрыстус, Валадар супакою, і Марыя, Каралева супакою, паклікалі нас несці супакой у гэты паранены нянавісцю і гвалтам свет.
У пасланні на Сусветны дзень міру ў гэтым годзе папа Францішак узгадвае трох людзей, якія змагаліся за супакой, не ўжываючы сілу і гвалт: Махатму Гандзі, Марціна Лютэра Кінга і святога Яна Паўла ІІ. Яны ўвайшлі ў «паўнату часу», благаславілі злых людзей, просячы, каб Бог распраменіў над імі сваё аблічча, і, ідучы слядамі Езуса, Валадара супакою, неслі ў свет супакой.
Нядаўна я паглядзеў фільм «Шчаслівага Раства» (Joyeux Noel, 2005) пра незвычайныя падзеі, якія адбываліся падчас І Сусветнай вайны, у час Божага Нараджэння 1914 г., калі ішлі баі на тэрыторыі Бельгіі паміж немцамі і англічанамі.
Усё пачалося ў вігілію Божага Нараджэння, увечары 24 снежня, калі з абодвух бакоў акопаў пачалі спяваць калядкі. Пасля жаўнеры сталі выходзіць да сваіх «ворагаў» на нейтральную тэрыторыю паміж акопамі, каб паразмаўляць і абмяняцца падарункамі. Там жа на фронце яны зладзілі футбольны матч, а 25 снежня пахавалі целы загінулых жаўнераў. Немцы, атрымаўшы паведамленне пра тое, што артылерыя будзе весці абстрэл англійскіх акопаў, расказалі пра гэта англічанам, і тыя пераседзелі абстрэл у нямецкіх акопах. Пазней гэтак жа немцы, якіх абстрэльвала англійская артылерыя, пайшлі ў акопы да англічанаў.
Такая любоў падчас вайны? Як гэта магчыма? Што будзе яшчэ? Брытанскі святар цэлебраваў святую Імшу Пастэрку для ўсіх прысутных. Усё гэта дзівосныя падзеі, і фільм зроблены па рэальных гістарычных фактах. Гэта цудоўны ўрок, які вучыць ставіцца да кожнага чалавека як да свайго брата. У фільме ёсць яшчэ адна сцэна: калі перамір'е ўжо скончылася, з нямецкіх акопаў выбег жаўнер у нямецкім мундзіры. Кіраўнік з боку англічанаў даў сваім жаўнерам загад страляць, яны страляюць, але свядома цэляцца так, каб не трапіць у чалавека. Праз некалькі выстралаў адзін з жаўнераў, які за некалькі дзён да таго бачыў, як немцы забілі яго роднага брата, каб адпомсціць за яго смерць, цэліцца ўважліва і забівае чалавека ў нямецкім мундзіры. Аднак аказваецца, што забіты — англійскі жаўнер, які бег да сваіх у пазычаным у немцаў мундзіры.
З гэтай сцэны можна зрабіць яшчэ некалькі цудоўных высноваў, раю вам паглядзець сам фільм. Апісаная сітуацыя паказвае, што незалежна ад таго, як апрануты чалавек і кім ён з'яўляецца, яго трэба шанаваць, і ніхто не мае права забіваць іншага чалавека.
Дазвольце мне прывесці яшчэ некалькі думак пра іншую стужку. У снежні на экранах кінатэатраў Беларусі з'явіўся новы фільм вядомага рэжысёра Мэла Гібсана пад назваю «Hacksaw Ridge» («Паводле сумлення», у рускім перакладзе: «По соображениям совести»). Фільм таксама зняты па рэальных падзеях, яго герой — жаўнер, адвэнтыст Дэсманд Дос, які падчас баёў з Японіяй у 1944 г. не карыстаўся зброяй, а выратаваў ад смерці шмат параненых. Фільм паказвае жудасныя рэаліі вайны, але дзеля постаці галоўнага героя, Дэсманда Доса, варта яго паглядзець.
У падсумаванне гэтых разважанняў варта сказаць, што супакой — вялікі Божы дар, а тыя, хто нясе яго, — людзі з Божым сэрцам. Яны працягваюць «паўнату часу», праз іх Бог «распраменьвае сваё аблічча» над людзьмі. Папа Францішак у сваім пасланні кажа, што, каб будаваць супакой у сем'ях і ў свеце, кожнаму чалавеку патрэбны «падручнік» васьмі благаслаўленняў, сярод якіх ёсць і такое: «Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі».
Айцец Раман Шульц OP