«Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць»

Трыццаць другая звычайная нядзеля, год С (06.11.2016)

Здарылася, што  сем братоў разам з маці былі схоплены, і катавалі іх бізунамі і рамянямі, бо кароль хацеў прымусіць іх пакаштаваць свініны, забароненай Законам. Адзін з іх, прамаўляючы ад імя астатніх, сказаў так: «Пра што хочаш спытацца або пра што даведацца ад нас? Мы гатовыя хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскія законы».

А другі брат на апошнім дыханні сказаў: «Ты, злачынца, забіраеш у нас цяперашняе жыццё. Аднак Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон». 

Пасля гэтага катавалі трэцяга. На патрабаванне даць язык адразу ж высунуў яго, адважна выцягнуў рукі і з годнасцю сказаў: «З неба іх атрымаў, але дзеля Яго законаў пагарджаю імі, бо спадзяюся зноў атрымаць іх ад Яго». Нават сам кароль і ўсе, хто быў з ім, дзівіліся адважнасці юнака, які зусім не зважаў на пакуты.

Калі памёр і той, катавалі чацвёртага, здзекуючыся падобным чынам. Канаючы, той сказаў: «Лепш памерці ад людскіх рук, а на Бога ўскладаць надзею, што зноў праз Яго будзем ажыўленыя. А для цябе няма ўваскрашэння да жыцця».  

(2 Мак 7, 1–2. 9–14).  

Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж; і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба. Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць».

 (Лк 20, 34–38)

«Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць»

Словы з сённяшняга евангельскага чытання даюць нам упэўненую веру ў тое, што Бог з’яўляецца Даўцам жыцця, Стварыцелем кожнага чалавека. Магчыма, мы не вельмі часта разважаем пра гэтую найбольшую ласку, дадзеную нам Богам, якая здзяйсняецца кожны дзень, кожную гадзіну, кожную секунду, таму што Бог, які стварыў нас з нічога, няспынна стварае нас у кожнае імгненне «тут і цяпер». Каб адказаць любоўю на гэтую вялікую любоў, трэба няспынна аддаваць Богу і бліжнім жыццё, якое гэтак жа няспынна даецца нам самім. У актаве малітваў за памерлых, якую мы перажываем цяпер, актуальныя словы містычкі с. Марыі ад Крыжа: «Кожную хвіліну пытайся ў свайго сэрца, ці робіш ты прыемнае добраму Богу. Яшчэ задавай сабе пытанне, ці не робіш ты чагосьці, што было б Яму прыкра» («Rękopis z czyśćca», Michalineum, 2003, с. 32).

У першым чытанні з другой кнігі Макабэяў мы бачым юнакоў, якія аддалі сваё жыццё ў пакутах. Яны пажадалі лепей памерці, захаваўшы вернасць Богу, чым застацца жывымі, парушыўшы прадпісанні закону і выракшыся Бога. 

Мы таксама пакліканыя да мучаніцтва, але да «белага» мучаніцтва, што заключаецца ў годным перажыванні штодзённых цяжкасцяў і нягодаў у еднасці з Езусам, які пакутуе. Падказка, як перажываць «белае» мучаніцтва, гэта значыць, жыць дзеля Бога ў шэрых буднях, ёсць у заўжды актуальным фацімскім пасланні. Варта звярнуцца да навэнны, якую мы чытаем у парафіях у першыя суботы месяца. Гэта словы, якім Марыя навучыла благаслаўлёную Жасінту, Люцыю і благаслаўлёнага Францішка. Гэтыя словы, калі казаць іх з вераю, нягледзячы на ўсе перашкоды, перамяняюць нашую ваўчыную злосць у лагоднасць ягняці. Гэтая малітва гучыць так: «Ахвярую гэтыя… (пакуты, непаразуменне, боль) з любові да Езуса за навяртанне грэшнікаў і як перапрашэнне за знявагі, учыненыя Беззаганнаму Сэрцу Марыі». Гэтая простая малітва, калі прамаўляць яе з вераю, заклікае Духа Святога, што перамяняе «сэрцы каменныя ў сэрцы з цела».

Няхай месяц лістапад, калі мы асаблівым чынам узгадваем пра «пакутнікаў чыстца», натхніць нас жыць дзеля Бога, каб «дыхаць удзячнасцю», каб прымаць усе цяжкасці, якія Ён пашле нам, і ахвяроўваць іх за душы, якія церпяць у чыстцы.

Раман Шульц OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней