Наведаць сясцёр-эўхарыстак я планавала ўжо даўно,і вось напрыканцы кастрычніка ў мяне з’явілася такая магчымасць — я адправілася ў Браслаў...
У кляштары мяне сустрэла сястра-настаяцельніца Ала Буткевіч, якая паказала мне дом сясцёр і мой пакой.
— Давайце я пакажу Вам таксама нашую капліцу, — прапанавала сястра. — Будзеце ведаць, дзе ў нас жыве Самы Галоўны, — і яе погляд скіраваўся на крыж.
Крышку памаліўшыся, я пайшла ў свой пакой, каб асвоіцца і падрыхтавацца да заўтрашняга дня. А потым сястра Ала за вячэрнім кубачкам гарбаты крыху распавяла мне пра абавязкі сясцёр, а таксама пра рэжым дня ў кляштары.
Нядзеля распачалася з Літургіі гадзінаў. Спакой, цішыня і засяроджанасць, якія панавалі раніцай у капліцы, дапамагалі мне сканцэнтравацца на малітве,а сёстры ў гэты момант былі як адно цэлае — адна вялікая сям’я. «Як утульна», — падумала я.
Ужо пасля сняданку разам з сястрой Таццянай Гмызаю мы накіраваліся ў катэхетычны клас. Катэхеза для 2-га года падрыхтоўкі да святой Камуніі звычайна пачынаецца а 10–й гадзіне, але сястра заўсёды прыходзіць раней, за хвілін 20–30.
У вялікім катэхетычным класе нас ужо чакалі маленькія вучні, чалавек пяць–шэсць. Распрануўшыся, сястра кліча Антона і пачынае правяраць у яго «Ойча наш». Хлапец у блакітным швэдры спачатку ўпэўнена, а потым крыху запінаючыся, прамаўляе: «Ойча Наш, каторы ёсць у небе…»
Неўзабаве распачынаецца катэхеза і сястра Таццяна правярае ў дзяцей веданне дзвюх першых Божых запаведзяў. Клас запаўняецца хорам дзіцячых галасоў: «Я Пан Бог Твой… Не май іншых багоў, апроч Мяне. Не ўжывай Імя Пана Бога дарэмна…»
Каб замацаваць новую тэму — «Трэці Божы наказ», дзеці пачынаюць рабіць на ватманах адмысловую табліцу пра тое, што можна, а што нельга рабіць у нядзелю.
«У Браславе вельмі дзіўная сітуацыя. Бывае так, што бацькі дзяцей на катэхезу пускаюць, але не ўсе потым прыходзяць на святую Імшу. Таму я заўсёды кажу бацькам, што бессэнсоўна рыхтавацца да Камуніі, не ходзячы на Імшу, бо гэта — самае галоўнае», — гаворыць сястра Таццяна пасля сканчэння катэхезы.
Увогуле, сястра не толькі працуе з дзецьмі на катэхезе, але таксама кожную суботу наведвае ў санаторыі падлеткаў, у якіх складаная сітуацыя.
— Яны з ёю сябруюць і заўсёды чакаюць.
Гісторыя службы сясцёр пачалася яшчэ ў далёкім 1923 годзе ў Друі. Тады Кангрэгацыю Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі (Эўхарыстак) заснаваў благаслаўлёны Юры Матулевіч, на той час — Віленскі біскуп.
Харызматам сясцёр стала навучанне хрысціянскаму жыццю, выхаванне дзяцей і моладзі ў каталіцкай веры, а таксама пашырэнне сакрамэнтальнага жыцця, асабліва эўхарыстычнага, ва ўсіх асяродках. Сёстры неслі вучэнне Хрыста найперш занядбаным у рэлігійных адносінах людзям. Падчас Другой сусветнай вайны некаторыя з сясцёр вялі катэхетычна-місіянерскую працу на савецкай тэрыторыі.
Пасля вайны сёстрам, якія засталіся на Віцебшчыне, давялося зведаць шмат выпрабаванняў і пакутаў: іх выгналі з законнага дому ў Друі, і яны вымушаныя былі вандраваць, служачы ў канспірацыі.
Прыкладна ў той час, у 1957 годзе, сваё служэнне распачала сястра Валерыя Русачонак. Законніцы ўжо 86 гадоў, але тыя часы яна памятае добра.
«Сёстры тады пайшлі на працу — хто куды, хто ў бальніцы, хто ў іншыя месцы. А калі ксёндз Люцыян Паўлік прыехаў у Задарожжа (вёска ў Глыбоцкім раёне. — М.В.), то папрасіў дзвюх сясцёр, каб яны дапамагалі. Гэта былі маладыя сястрычкі, і ніхто не казаў, што яны законніцы. А мне таксама тады хацелася служыць Богу, таму я запыталася ў гэтых сясцёр, ці можна. Адна з іх сказала, што пра існаванне кляштара распавядаць нельга, але прыедзе маці-настаяцельніца, з якой я магу паразмаўляць. Калі яна прыехала, то сказала мне: „Прыязджайце, але кляштараў у нас няма. Трэба працаваць так“. Я пачала сумнявацца, бо якая гэта будзе законніца, што яе не будзе ў кляштары? Але ўсё ж прыехала ў Браслаў і мяне прынялі ў навіцыят», — распавяла сястра Валерыя.
Імша для дзяцей у Браславе адна з самых шматлюдных. Падчас казання святар выходзіць з мікрафонам бліжэй да дзяцей і задае ім пытанні па сённяшнім Евангеллі. Дзеці цягнуць свае ручкі, каб адказаць на пытанні.
Пасля святой Імшы я на некалькі хвілін завітваю на катэхезу да сястры Алы.
— Гэта журналіст. І вашыя фотаздымкі будуць у часопісе, — тлумачыць сястра Ала дзецям якія здзіўлена глядзяць на мяне.
А я раблю некалькі фота і сядаю ззаду, каб крышку пабыць на катэхезе. Разам з катэхеткай дзеці пачынаюць чытаць цікавую гісторыю...
Сястра Ала распавяла, што сама не заўважыла, як прыйшла ў кляштар. Усё адбылося паступова. З самага дзяцінства яе цягнула ў касцёл. Дзяўчынка вельмі любіла прыйсці раней, сесці ў куточку і, гледзячы на табэрнакулюм, распавесці Богу тое, што перажыла за дзень.
«Мае бацькі вельмі шмат моляцца. Заўсёды прыязджаю да іх, як у кляштар. Думаю, што гэта яны нас і вымалілі (сястра Алы таксама законніца, а брат — біскуп Віцебскай дыяцэзіі. — М.В.) Маці перажывае, вядома, што я пайшла ў кляштар, але я бачу, што адначасова яна вельмі задаволеная. Чаму менавіта сюды? Таму што далёка ад’язджаць не хацелася, а тут нешта сваё, роднае, і гэта больш па сэрцы, — гаворыць сястра Ала. — Гэта таямніца Бога. Ён выбірае, і чаму Ён мяне паклікаў, толькі Ён ведае. Але я не шкадую, што пачула гэты голас і пайшла за ім».
Тым часам у доме сясцёр ужо распачынаюцца заняткі дзіцячага садка, куды кожную нядзелю на працягу года прыходзяць дзеткі ад 4 да 8 гадоў. Праводзіць заняткі сястра Таццяна. Пакуль я наведвала катэхезу, дашкаляты ўжо даведаліся, чаму трэба слухаць бацькоў, і ціха-мірна размалёўвалі прыгожыя карцінкі.
Сястра Таццяна распавядае, што такі садок дзейнічае кожную нядзелю, а летам — на працягу тыдня. Яго наведваюць 15–16 дзяцей, але бывае і менш.
«З самага пачатку мы з дзеткамі трошкі праходзім Стары і Новы Запавет, а таксама нейкую тэму, якой можам навучыць у штодзённасці. Знаёмімся з жыццём Езуса. Молімся, гуляем, спяваем, ядзім… Яны вельмі чакаюць гэтага часу. І моладзь таксама, таму на працягу ўсяго года прыходзіць дапамагаць», — распавядае сястра Таццяна.
Пакуль дзеткі малююць, я накіроўваюся на кухню з надзеяй знайсці там сястру Антаніну, якая мае абавязкі кухара (прынамсі ў гэты дзень). Але знаходжу сястру Рэгіну, якая таксама распавядае мне пра сваё пакліканне.
Пайсці ў закон сястра Рэгіна Варанецкая хацела з дзяцінства,аднак, калі надышоў час прымаць рашэнне, вера пераследавалася і многія кляштары былі зачынены, а сёстры былі вымушаныя выязджаць або канспіравацца,таму ў закон Рэгіна пайшла толькі ў 33 гады.
Манахіня служыць Богу ўжо 50 гадоў,іцяпер «робіць усё, што іншыя сёстры не дарабілі», — так яна жартам акрэслівае свае абавязкі ў кляштары.
Тым часам сястра Антаніна Багдановіч ужо згатавала абед і чакае, каб яго раздаць. А пакуль запрашае мяне схадзіць разам да сястры Галіны (Алены Гарошкі). Законніцы ўжо 96 і яна з-за хваробы ўвесь час ляжыць у ложку. На жаль, яна практычна не чуе, але сястра Рэгіна прадстаўляе ёй мяне.
Нягледячы на хваробу, сястра Галіна стараецца захаваць у сабе малітоўны дух і аптымізм. У кляштар яна вырашыла пайсці, таму што «усё духоўнае і звязанае з касцёлам прыцягвала яе і прыносіла радасць». У кангрэгацыю была прынятая ў 1969 годзе, але першыя абяцанні па стане здароўя прынесла толькі ў 1994 годзе. Увесь гэты час служыла і малілася Богу ў розных парафіях Латвіі.
«Простая і вельмі глыбокая душа», — так пра сястру Галіну кажуць іншыя сёстры.
Пасля абеду крышку затрымліваюся з сястрой Антанінай, якая распавядае мне пра свой шлях у кляштар. Сваё пакліканне яна адчула ў канцы школы, а ў пастулат уступіла, калі была ў адзінаццатым класе.
«Дзякуючы настаўленням спаведніка я пачала ўдзельнічаць у касцёльных працэсіях і хоры. Стала і да Бога бліжэй, і з сёстрамі пазнаёмілася. А сёстры праводзілі выязныя рэкалекцыі для дзяўчат, часцей за ўсё,у Вільнюсе, таму ў мяне была магчымасць паехаць на рэкалекцыі, а потым застацца на тыдзень і проста пажыць у кляштары, даведацца пра жыццё сясцёр. Я стала адчуваць, што гэта маё, і, калі скончыла школу, пайшла ў навіцыят. Цяпер я з’яўляюся маці-дэлелегаткаю Беларуска-літоўскай Дэлегатуры і паралельна выконваю розныя абавязкі ў кляштары», — распавяла сястра Антаніна.
Натхніўшыся размовамі з сёстрамі, іду глядзець Браслаў і знікаю ў горадзе на гадзіну. А паглядзець сапраўды ёсць што —адны азёры чаго вартыя!
Другая палова дня пачынаецца Нешпарамі ў капліцы. На некалькі хвілін акунаюся ў цішыню, засяроджанасць і праслаўленне Бога. Разам з сёстрамі дзякую Богу за пражыты дзень...
Пасля супольнай вячэры сястра Таццяна накіроўваецца ў касцёл, дзе яе ўжо чакае моладзь — кожную нядзелю тут адбываецца рэпетыцыя хору.
Сястра Таццяна — самая маладая з сясцёр. Сваё пакліканне, як і сястра Антаніна, яна адчула яшчэ ў школе, і хоць у яе роднай парафіі працавалі сёстры з іншай кангрэгацыі, яна пайшла служыць менавіта да эўхарыстак. Сястра Таццяна лічыць, што гэта «голас Бога».
«Мяне і тады і зараз захапляе, што цэнтрам нашага жыцця з’яўляецца Езус, прысутны ў Эўхарыстыі. І, якую б мы ні выконвалі працу, якія б у нас ні былі абавязкі, перш за ўсё нашай асноўнай задачай з’яўляецца праслаўленне Бога, прысутнага ў Эўхарыстыі. Ад Яго мы бярэм патрэбныя сілы, мудрасць, дары Духа Святога. Сёння я працую з дзецьмі і моладдзю, упрыгожваю касцёл кветкамі, раблю дэкарацыі. Мне гэта падабаецца рабіць. І гэта праз сілу і мудрасць Бога, які мне дае выконваць такія абавязкі», — заўважае сястра Таццяна.
Пасля хору — вячэрняя святая Імша, а за ёю — сустрэча моладзі з супольнымі размовамі за гарбатай, спевамі і, вядома ж, фотаздымкамі.
«У Браславе я служу трэці год. У мінулыя гады моладзі прыходзіла больш, а ў гэтым годзе шмат тых, хто хадзіў, паступілі і з’ехалі вучыцца, таму прыходзіць чалавек 15–20. Вельмі з імі сябруем. Яны тут адчуваюць сябе як дома. Заўсёды, не пытаючыся, могуць прыходзіць, бо ведаюць, што іх тут чакаюць. Ва ўсім дапамагаюць. Гэта проста супермоладзь», — гаворыць сястра.
Сустрэчай з моладдзю скончыўся мой дзень у кляштары сясцёр-эўхарыстак. Раніцай выязджаю ў Мінск з думкамі, што абавязкова вярнуся да сясцёр летам.
Марына Валасар
Фота аўтара
{gallery}2016-11-1{/gallery}