Восеньскія развагі...

 

«Дзікая трава і кратовыя хады зруйнавалі чыстае мураўца каля хаткі. Уздыхнула і падумала: чаго ж я плачу? Гэта ж адвечнае: тут некалі сабралася групка людзей, якія пабудаваліся і пажылі на свеце столькі, колькі ім Бог адвёў часу…»


У гэтым годзе мая дачка давезла мяне да магілак, дзе чакаюць мяне тата і мама. Дарога была дрэнная, ішоў дождж, густая імжа наліпала на шыбах. Вялікі ўчастак дарогі ад Скідзеля да Ліды рамантуецца, і таму давялося ехаць зігзагамі паўз будаўнічую тэхніку і горы пяскутам цяпер будуюць шырокую сучасную трасу. Нам трэба было заехаць у Першамайскі па стрыечную сястру Францішку, дачку цёткі Броні і яе мужа Манюся гэта іх сын, доктар Валера  Жыбер, едучы са службовай паездкі за некалькі дзён да Усіх Святых і памінання памерлых і сястра Яня, дачка нашай другой цёткі Яніны, разам падгрэблі ўсе магілкі. Пляменніца Галінка прыехала з мужам і сынам з Дворышча,а ўжо і работы ёй не засталося…

Людзі моляцца паціху каля сваіх магілак або размаўляюць, запальваюць знічкі, ставяць жывыя кветкі, а я хадзіла і ціха віталася з імі. Каля магілкі Шуры Анацкавага я не сустрэла яго жонкі Рэні, маёй сябровачкі дзяцінства. Яе нявестка, удава па сыну Віцю, сказала, што Рэня ўжо не ўстае з пасцелі. Я папрасіла перадаць ёй ад мяне прывітанне. Не было на могілках і Габрушчыкавай Мані, якая прыязджала аўтастопам  да сваіх родных на могілкі з вёскі Масткі, што каля Іўя. Відаць, для Данусі Скапцовай я запаліла знічку, паразмаўляла з ёю пра нашы дзіцячыя гульні. З Францішкаю схадзілі мы на старыя могілкі да бабулі Франусі і дзеда Адама… Яна мне паказала сваё месца каля Жыбераў, яна вызначыла і маё месца  — паміж татам і цёткаю Броняю; каля майго мужа Эрыка адразу не было месца і,калі яго хавалі,я нават разгубілася… Ды калі б пісаць сцэнарый жыцця і смерці, менавіта паміж татам і цёткаю Броняю і ёсць маё месца…

Ксёндз прыехаў без міністрантаў. Стол і свечкі ўжо былі падрыхтаваныяне было табурэткі. Ксёндз спытаў, чаму няма пані Валі.

— Не было каму прывезці, — сказала Валіна дачка.

Валя — гэта той чалавек, у хаце якога адбываецца святая Эўхарыстыя (тады, калі яна тут адбываецца).

Сярод сабраных была адна вельмі набожная дзяўчынка, і ксёндз запрасіў яе на дапамогу яна і трымала старонкі Імшала, каб іх не закрываў вецер. Эўхарыстыя на могілках — самая глыбокая, самая шчырая, з болем і слязьмі,бо яны, нашы дарагія, праз гэтыя запаленыя знічкі таксама моляцца з намі за нас, а мы і за іх, і за сябе. І просім у Бога і ў іх прабачэння ў сваіх правінах, ёсць тыя правіны ці няма… І час спыняецца, сціраецца, і мы ўжо не ведаем, дзе мы — тут ці там, ці ў далёкім мінулым, калі былі ўсе разам…

Ксёндз маліўся на дзвюх мовах — абавязковыя малітвы казаў па-польску, усе адвольныя словы — па-беларуску. Трэба быць віртуозам, каб рабіць такія пераходы:

—Молімся за святы Каталіцкі Касцёл, за нашага папу Францішка… Цебе просімы… Выслухай нас, Пане!..

Калі ксёндз бягом ад магілкі да магілкі высвенчваў іх, я запыталася:

— Вы так і моліцеся на дзвюх мовах?

У адказ пачула:

— Гродзенская дыяцэзія мае сваю спецыфіку…

Мы — дыяспара… За 25 гадоў працы Касцёл на Гродзеншчыне выпрацаваў сваю «палітычную лінію». А калі б на месцы гэтага ксяндза быў святой памяці айцец Уладзіслаў Чарняўскі?

Мой сябра, які ў свой час называў сябе крэсолагам, супакойваючы мяне, сказаў, што польская мова на Імшы замяняе цяпер лаціну і не трэба перакладаць тое, што не перакладаецца, бо «Пана Тадэвуша» нельга дасканала перакласці на беларускую мову — ён напісаны не на польскай, а на мове Адама Міцкевіча…

…Я прайшлася па гразкім сваім гасцінцы да папялішча бацькоўскай хаціны, але мяне дагнала машына, і жанчына спытала, куды гэта я іду… Я адказала: «Дахаты»Пастаяла на парожку, палюбавалася на роўненькі квадрат таго месца, дзе мне было так добра і шчасліва жыць у любові... Падпечак застаўся для мышак, і тое месца, дзе ляжаў наш згарэўшы Сярожа, атручаны чадам, засталося светлым… Дзікая трава і кратовыя хады зруйнавалі чыстае мураўца каля хаткі. Уздыхнула і падумала: чаго ж я плачу? Гэта ж адвечнае: тут некалі сабралася групка людзей, якія пабудаваліся і пажылі на свеце столькі, колькі ім Бог адвёў часу… Не былі яны ні сябрамі, ні аднадумцамі. Былі суседзямі. Ад Загасцінца засталося пяць хацінаў, у якіх таксама няма тых людзей, якія іх будавалі

Мая дачка Віка завезла маіх сёстраў і Манюся да Яні і прыехала па мяне. Яня нас накарміла прысмакамі і расказала пра біскупскіх буслоў.

На слупе ў цэнтры вёскі пасялілася сямейка буслоў,і ўнучка  Барташэвічыхі нараджае кожны год па дзіцяці. Бабуля вырашыла, што буслы ў гэтым вінаватыя імінулаю зімою наняла двух бандытаў, каб зруйнавалі буслянку. Аднак, прыляцелі вясною буслы і за два дні пабудавалі на тым жа слупе новую буслянку...


Данута Бічэль, 

Гродна

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней