Два бакі аднаго медаля

Трыццаць трэцяя звычайная нядзеля, год С (13.11.2016)

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас. Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання. Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць. Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі. Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.

(2 Тэс 3, 7–12)

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». І спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».

Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя».

(Лк 21, 5–19)

Два бакі аднаго медаля

На першы погляд нам можа здавацца, што другое літургічнае чытанне пэўным чынам супярэчыць урыўку з Евангелля. Святы Павел у сваім пасланні раіць тэсаланікійцам не забываць пра штодзённыя абавязкі: працаваць, зарабляць на хлеб, жыць спакойным жыццём. І гэтага спакойнага жыцця няма ў словах Пана Езуса. У адказ на словы аб прыгажосці святыні Ён малюе перад вучнямі карціну Апакаліпсісу. Ён гаворыць пра разбурэнне святыні, пра войны, землятрусы і пераследы.

Але гэтыя два ўрыўкі супярэчаць адно аднаму толькі вонкава. Як хрысціяне мы мусім усведамляць, што жывем у апошнія часы. Мы жывем у свеце, які ідзе да завяршэння. Мы бачым прамінальнасць, і некалі спарахнее нават тое, што здаецца незнішчальным. Гэта вынікае з самой уласцівасці справаў і рэчаў гэтага свету — яны часовыя. Да заўтра не толькі знікне шмат з таго, што існуе сёння, але і многія з нас не абудзяцца заўтра раніцай, як спяваецца ў адным прыгожым духоўным спеве. Мы не павінны гэтага палохацца, бо прыйдзе Той, хто з’яўляецца крыніцаю вечнага жыцця. Мы чакаем Яго, але не можам забываць, што пэўным чынам Ён заўжды прабывае з намі. Гэты час чакання — святы час, час Божай ласкі, час адведвання. Гэта ўжо Божы час, дадзены нам, каб мы добра яго выкарысталі. Наш свет не вечны, але ён патрэбны нам, каб дасягнуць вечнасці. Ён крыху падобны да школы: яна не назаўжды і некалі навучанне заканчваецца, але прагульваць — дрэнна. Трэба ўзяць са школы як мага больш карыснага, пакуль ідуць урокі.

Пан Езус сёння гаворыць нам пра крохкасць гэтага свету, а святы Павел заахвочвае нас добра выкарыстаць яго магчымасці. Гэта два бакі аднаго медаля.

Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней