Сцежка да збаўлення

Трыццаць чацвёртая звычайная нядзеля,
урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год С (20.11.2016)

А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль Юдэйскі, уратуй сябе!» 

І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль Юдэйскі».

Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

 (Лк 23, 35–43)

Сцежка да збаўлення

Толькі адзін чалавек сур’ёзна паставіўся да надпісу, зробленага Пілатам, «Гэта кароль Юдэйскі». З гэтага выразу кпілі жаўнеры і насміхаліся кіраўнікі. Дзівіць, што толькі асуджаны злачынца пазнаў ў Езусе падчас Яго пакутаў абранага Сына Божага, каралеўская і Боская моц якога аб’яўлялася ў прыніжэнні і самаахвярнасці. Менавіта на такім вобразе Хрыста паступова засяроджваецца евангельскае апавяданне, даходзячы да кульмінацыі на Галгоце. Бо Езус у св. Лукі — Бог і Валадар, які жадае, каб Яго ўлада разумелася як ціхмянасць і пакорлівае служэнне (гл. Лк 22, 25–27), гэта Бог, які шукае слабых і згубленых (Лк 19,10) і запрашае сваіх верных слугаў на нябесную гасціну (Лк 12,37). Гэта Ягвэ, Адзіны сапраўдны Бог Ізраэля, што, прыходзячы на гэты свет, словам і прыкладам вучыць выбраны народ, каб ён здабыў Яго Валадарства. 

Апошнія словы сённяшняга евангельскага ўрыўка з’яўляюцца дасканалым падсумаваннем усяго літургічнага году. Брамы Нябеснага Валадарства адчыняюцца перад скрушаным грэшнікам: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі». Пакорнае жаданне злачынцы, каб Пан узгадаў пра яго, — гэта праява поўнага духоўнага ўбоства: пакоры і мізэрнасці. Пакора, праўдзівая цнота, паказаная тут як сцежка да збаўлення. Усведамляючы сваю грэшнасць і недасканаласць, мы расплюшчваем вочы, каб убачыць любоў і самапрыніжэнне Бога, які з крыжа адорвае нас збаўленнем. 

Ронан Коналлі OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней