«Прыйдзі Валадарства Тваё»

Першая нядзеля Адвэнту, год А (27.11.2016)

Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута. Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Але знаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.

(Мц 24, 37–44)

«Прыйдзі Валадарства Тваё»

Кожны раз, чытаючы малітву «Ойча наш», мы выказваем Богу пажаданне «прыйдзі Валадарства Тваё», на лаціне гэта гучыць «adveniat Regnum Tuum». Аднакарэнная назва літургічнага перыяду, які папярэднічае святкаванню першага прыйсця Божага Сына на зямлю, выказвае тую самую думку. Аднак нашыя словы і ўчынкі часта выглядаюць так, быццам мы не хочам таго, аб чым молімся, а так званага «канца свету» — другога прыйсця Хрыста на зямлю — многія баяцца як найгоршай з катастрофаў і таму імкнуцца пра яго не думаць, спадзеючыся, што не дажывуць да сусветнага катаклізму. Пры гэтым людзі забываюцца, што да канца ўласнага зямнога жыцця кожны рана ці позна дажыве, а баяцца трэба не столькі самога факта смерці, колькі няздатнасці пасля яе надыходу быць грамадзянінам Божага Валадарства.

Свет, у якім мы жывём, дыктуе свае правілы, якія, на жаль, не заўсёды сугучныя Божай навуцы. Ставячы гэтыя правілы вышэй за ўстаноўленыя Богам законы, аб'яўляючы апошнія «састарэлымі», «неактуальнымі» або «немагчымымі ў рэалізацыі» ў сучасным жыцці, а таксама перарабляючы іх адпаведна з моднымі тэндэнцыямі, чалавек фактычна зачыняе перад сабою дзверы Нябеснага Валадарства, выключае сябе з ліку яго жыхароў. Пры гэтым многія працягваюць лічыць сябе вернікамі і апраўдваюцца складанымі сітуацыямі, або спадзяюцца, што паспеюць пакаяцца... Але далёка не ўсе паспяваюць, а большасць з тых, хто з галавою ўвайшоў у справы гэтага свету, так і не можа спыніцца, каб знайсці шлях да Бога: «Не сёння, не цяпер...»

Аднак, як вынікае са словаў самога Пана Езуса, жыць трэба так, быццам менавіта сёння, неўзабаве Ён вернецца. І гэта не азначае, як нехта мяркуе, што трэба трэсціся ад страху перад немінучым канцом, атручваючы сабе кожную хвіліну жыцця. Трэба толькі, каб тое, аб чым мы просім у малітве, пацвярджалася тым, што і як мы робім, бо «прыйдзі Валадарства Тваё» — гэта таксама і просьба аб тым, каб Божыя запаведзі знаходзілі сапраўдны водгук у нашых сэрцах, каб менавіта імі мы кіраваліся ў штодзённым жыцці і каб думалі не пра тое, як успрымаюць нас іншыя людзі або якую выгаду мы будзем мець, а пра тое, ці падабаемся мы нашаму Стварыцелю і Адкупіцелю, ці палічыць Ён нас годнымі свайго вечнага Валадарства. Адну і тую ж штодзённую справу можна выконваць па-рознаму: добрасумленна, ахвяруючы яе Богу, што не дапускае пры яе ажыццяўленні парушэння Божых запаведзяў, або абыякава, не клапоцячыся пра якасць, памятаючы толькі пра цяперашнюю зямную выгаду, для дасягнення якой выкарыстоўваюцца любыя сродкі. І калі большасць людзей пачне жыць па першым прынцыпе, то ўжо цяпер навокал і паміж намі будзе больш дабрыні, справядлівасці, супакою і згоды — усяго таго, што з'яўляецца прыкметаю Божага Валадарства, якога мы чакаем, аб прыйсці якога мы молімся...

Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней