Пяць гадоў надзеі: юбілей Дома міласэрнасці ў Лагішыне

24 лістапада лагішынскі Дом міласэрнасці адзначыў свой 5-гадовы юбілей. Гэта першая касцёльная сацыяльная ўстанова ў Беларусі. Дом, які даў прытулак тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, стаў не проста домам, а промнем надзеі для іх.


 Павіншаваць з юбілеем адміністрацыю, супрацоўнікаў і выхаванцаў Дома міласэрнасці ў Лагішын прыехалі шматлікія госці з розных куткоў Беларусі, а таксама з суседняй Польшчы.

«Добра, што тут, у Лагішыне, з’явілася месца, дзе людзі могуць правесці астатак часу, які ім вызначыў Божы Провід. Часта гэта людзі, для якіх жыццё не шкадавала працы і болю. І добра, што ёсць тыя, хто сёння апякуецца імі. Няхай у гэтым доме будзе заўсёды цёпла. Цёпла ў фізічным і духоўным сэнсе. Няхай цеплыня любові разаграе змучаныя сэрцы. Няхай тут ніколі не заканчваецца час Божай Міласэрнасці!», — пажадаў у сваёй гаміліі падчас Імшы на распачацце святкавання біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Пасля святой Імшы ўсе прысутныя пад гукі ваеннага аркестра прайшлі працэсіяй з фігурай Маці Божага Провіду ад касцёла да Дома міласэрнасці, дзе гасцей ужо чакалі выхаванцы.


Для ўсіх выхаванцаў і гасцей мясцовымі артыстамі была наладжана канцэртная праграма,а таксама са сваім словам выступілі шматлікія госці мерапрыемства.

«У гэтым месцы мы сустракаем людзей розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў і поглядаў, але агульным ёсць міласэрнасць, міласэрнасць, якую трэба здзяйсняць у імя Бога, якая скіраваная на ўсіх без выключэння. Таму я хацеў бы падзякаваць усім, хто спрычыніўся да стварэння гэтага Дома міласэрнасці, асабліва яго будаўнікам кс. Станіславу Паўліне fDP і кс. Міраславу Жлабінскаму fDP», — заўважыў правінцыял супольнасці ксяндзоў арыяністаў у Польшчы кс. Кшыштаф Бараноўскі fDP.

Біскуп з польскага мястэчка Драгічын Антоні Пацыфік Дыдыч у сваю чаргу падкрэсліў, што «сапраўдная міласэрнасць праяўляецца тады, калі мы выходзім насустрач усім бедным і церпячым».

«Нам патрэбнае сэрца, якое было б «інструментам» перадачы гэтай любові. Кожнаму патрэбная міласэрнасць», — сказаў польскі іерарх.

Розныя лёсы жыхароў Дома Міласэрнасці

Лагішынскі Дом міласэрнасці прытуліў у сваіх сценах людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Сёння тут пастаянна пражываюць 44 чалавекі. Гэта людзі з рознымі лёсамі і гісторыямі. Пажылыя адзінокія людзі, якія часткова страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, а таксама людзі з абмежаванымі магчымасцямі знайшлі сабе месца ў гэтым доме.


У звычайны будзённы дзень тут ціха і спакойна. Пасля сняданку хтосьці выходзіць у хол Дома міласэрнасці, каб паразмаўляць з іншымі, паглядзець тэлевізар або проста прагуляцца. Ёсць месца і для малітвы — капліца на першым паверсе, дзе праводзяцца службы розных хрысціянскіх канфесіяў.

Кацярына Іванаўна Мамчур родам з Вялікага Ноўгарада (Расія). У часы Другой сусветнай вайны была вязнем канцэнтрацыйных лагераў на тэрыторыі Польшчы і Германіі, а пасля вайны, пераехаўшы ў Лагішын, арганізавалатут аўтобусную станцыю. Шмат гадоў прысвяціла гэтай працы, а пасля смерці сына і мужа засталася адна,і зараз Дом міласэрнасці — гэта яе прытулак.


 

Яе суседка, Пчолкіна Рамуальда Васільеўна, прыехала з Асіповічаў. У Доме міласэрнасці ўжо дваз паловай гады. Жыццё ў адзіноце, дрэнныя матэрыяльныя ўмовы і 2 градусы цяпла ў хаце прымусілі жанчыну шукаць дапамогі. Манашка з мясцовага касцёла параіла звярнуцца ў Дом міласэрнасці… Так Рамуальда знайшла не толькі прытулак, але і добрую сяброўку.

«Мы з Васільеўнай сябруем і шмат аб чым размаўляем», — нібы пацвярджэннем маіх думак сталі словы Кацярыны Іванаўны. Жанчыны ўсміхаюцца і дзякуюць за размову...

«Каб гэтыя людзі адчулі дабрыню»

Алена Мікалаеўна Лукашэвіч, галоўная медсястра Дома міласэрнасці, прызнаецца, што сама не ведае, што падштурхнула яе ісці сюды працаваць. Нягледзячы на ўсе складанасці, праца ёй вельмі падабаецца.

«Людзей мы ўжо вывучылі. Ужо ведаем характар кожнага. З кімсьці трэба больш строга, з кімсьці — больш ласкава, бо ў кожнага свой характар, а галоўнае — свая жыццёвая гісторыя»,гаворыць Алена.

Рэжым дня ў Доме міласэрнасці ў звычайныя дні даволі просты: сняданак, абед і вячэра. Увесь астатні час — поўнасцю вольны. Ёсць шмат людзей, якія не могуць прыходзіць у сталоўку самастойна, таму супрацоўнікі развозяць ім пасілкі па пакоях,а некаторых трэба і карміць. Акрамя гэтага — прыбраць усе пакоі.

Усяго ў штаце Дома міласэрнасці 18 супрацоўнікаў. Часам дапамагаць прыходзіць мясцовая школьная моладзь.


 

«Гэтыя бабулі такія шчаслівыя, калі мы прыходзім. Яны проста ўсміхаюцца. Нам гэта прыемна», — распавядае валанцёр Старык Валерыя.

«Калі мы будзем старымі, нам таксама будзе патрэбна дапамога. І будуць такія ж валанцёры, як і мы, — дадае Вольга Лявошка. — Мы бярэм прыклад са старэйшых валанцёраў, якія былі да гэтага, і стараемся на іх раўняцца».

Дырэктар Дома міласэрнасці Аляксандр Фядковіч разам з пробашчам парафіі св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне прыводзіўу парадак дом пасля рамонту і адкрываў гэтую ўстанову.

«Я кожнага тут ведаю па імені. Кожны дзень з імі размаўляю пра жыццё. Гэта мая сям’я. Гэта мае бабулі, мае дзядулі, якія, бывае, і пакрыўдзяцца. Тады патрэбна выслухаць. Бывае, што і я іх вучу, але гэта ўсё натуральна. У нас у штаце сабраліся людзі адказныя. Кожны разумее, што гэта служэнне іншаму чалавеку, таму нам хочацца, каб гэтыя людзі сапраўды адчулі дабрыню і цяпло»,гаворыць Аляксандр Фядковіч.

На працягу пяці гадоў у Доме міласэрнасці пражывала 269 чалавек. Гэта  католікі, праваслаўныя, пратэстанты і людзі іншых веравызнанняў. Людзі, якія ў пэўны момант найбольш востра адчувалі патрэбу ў Божай міласэрнасці і дзякуючы сапраўды адкрытым, міласэрным сэрцам яе знайшлі… 

{gallery}2016-11-2{/gallery}


Марына Валасар

Фота аўтара.

 

Падтрымаць Дом міласэрнасці ў Лагішыне можна праз ахвяраванні на разліковы рахунак:

3015521795017 Прыорбанк ААТ. 

ЦБУ 506 г. Пінск, вул. Леніна, 7, код 749

УНП 2910227335

Кантакты:

Дом міласэрнасці, вул. Тамілава, 15

225740 г.п. Лагішын,

тэл.: 8 0165 314221.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней