Адвэнт — пачатак шляху

Другая нядзеля Адвэнту, год А (04.12.2016)

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

Гэта пра яго сказаў прарок Ісая:
«Голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!”»

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму былі саранча ды дзікі мёд. 

Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. 

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, Мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».

(Мц 3, 1–12)

Адвэнт — пачатак шляху

Сёння я хацеў бы знайсці адказ на пытанне, чым адрозніваюцца літургічныя перыяды Вялікага посту і Адвэнту. Чаму мяне зацікавіла гэтае пытанне? Я пачуў ад адной з парафіянак, як яна назвала гэты час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння «постам». 

Першае, што прыйшло мне ў галаву: яна сказала так па асацыяцыі з тым, як называюць гэты перыяд браты праваслаўныя, з адвэнтавым постам. Па-другое, гэта старая традыцыя, перададзеная бацькамі, дзядулямі і бабулямі і яшчэ жывая ў ментальнасці многіх беларускіх католікаў. Але Касцёл не называе Адвэнт постам, і таму трэба паразважаць над характэрнымі рысамі абодвух перыядаў, каб зразумець істотную розніцу паміж імі. 

Слова Божае становіцца ўводзінамі ў кожны з гэтых літургічных перыядаў і высвятляе для нас розніцу паміж імі. 

Перыяд Вялікага посту мусіць дапамагчы нам глыбей перажыць Пасху Пана, Яго пакуты і Уваскрасенне. Узорам гэтага перажывання з’яўляецца Марыя. Перыяд Адвэнту мусіць дапамагчы нам падрыхтавацца да Божага Нараджэння, і тут прыкладам таксама з’яўляецца Марыя. Менавіта Яе прысутнасць у жыцці Пана Езуса — найважнейшая падказка для нас. У Святым Пісанні абедзве гэтыя таямніцы (пакутаў і Уваскрасення, уцелаўлення Божага слова) цесна звязаныя. У першую чаргу — Марыяй і Яе адкрытасцю на Божае слова ад уцелаўлення да крыжа. Апроч таго, відавочная логіка, што без уцелаўлення не было б пакутаў і ўваскрасення Пана Езуса. Чаму? Бо слова Божае прыняло чалавечую прыроду, каб пасля ахвяраваць яе за грэшнікаў на крыжы праз Уваскрасенне. 

Карысным будзе паразважаць і над практыкамі, якія паўсюль прапануе Касцёл у гэтыя перыяды, каб падрыхтаваць нас да абедзвюх найбольшых урачыстасцяў. 

Адвэнт — гэта яшчэ і ранні пад’ём, каб пайсці на рараты, а тэалагічна — час, калі Божае слова прыходзіць у свет. Адсюль бярэ выток навучанне аб тым, што слухаць і прымаць Божае слова трэба на ўзор Марыі. Гэта час пазнавання таго, кім ёсць Бог-слова. Таму Адвэнт — найлепшы шанец нанова пачаць кантакт з Божым словам (у Святым Пісанні), каб яно магло дзейнічаць у нас. Божае слова — гэта Нехта, а не нешта. Досвед кажа, што Божае слова, якое чытаецца сістэматычна, пачынае ажыццяўляцца ў чалавеку. «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14), таму ў Адвэнце мы вучымся прымаць Божае слова і рэалізоўваць яго. Падчас Адвэнту дзеці не толькі бяруць на сябе выпрабаванне рана падымацца з ложкаў, але і пасля кожнай раратняй святой Імшы выконваюць нейкае заданне ў дар Пану Езусу. Гэта бясцэнная практыка, бо яна вучыць даваць адказ Божаму слову ў штодзённасці. Такім чынам Бог праз слова фармуе нашае мысленне і нашыя ўчынкі, усталёўваючы глыбокую сувязь з кожным, хто, як Марыя, слухае Яго і выконвае Яго волю. 

Сімвалам Адвэнту з’яўляецца цемра, якую рассейвае святло свечак і лямпаў. У даліне граху ўзыходзіць святло Хрыстовае. Гэтак жа і святло Божага слова павінна рассейваць цемру ў нашых сэрцах і сумленні. 

Вялікі пост — гэта таксама час, калі вернік павінен даць адказ Божаму слову. У гэты літургічны перыяд Бог таксама скіроўвае да нас сваё слова, але гэтае слова больш складанае, наогул, самае складанае ў Евангеллі. Слова Божае ў Вялікі пост патрабуе працы, і пра гэта сведчаць такія велікапосныя набажэнствы, як Крыжовы шлях і Песні жальбы. Праз іх мы вучымся аддаваць жыццё за сяброў і грэшнікаў на ўзор Хрыста. Пакуты Езуса, праяўленне Яго любові да чалавека і паслухмянасці Айцу, з’яўляюцца ўзорам веры, якая павінна дзейнічаць праз любоў. Езус запрашае ісці Яго слядамі, але да гэтага трэба доўга «даспяваць», і, на жаль, не ў многіх гэта атрымліваецца. Калі мы вучымся аддаваць жыццё за братоў, неабходна ўсталяваць яшчэ глыбейшую сувязь з Божым словам, чым у Адвэнце. Таму Адвэнт можна назваць пачатковым этапам, гэты шлях прасцейшы, больш чалавечы і таму блізкі людзям, бо з дапамогаю Божага слова мы хочам падрыхтавацца да Божага Нараджэння. 

Падказкаю для нас з’яўляецца і тое, што літургічны год распачынаецца з Адвэнту, Адвэнт — гэта пачатак. Пачатак літургічнага году — гэта яшчэ адзін шанец пачаць усё нанова, а заканчваецца год таямніцаю прыйсця Хрыста Валадара сусвету — спаўнення Божага слова. Паміж пачаткам і завяршэннем знаходзіцца Пасха Езуса. Пачатак звычайна сціплы, маленькі, як гарчычнае зерне, а заканчэнне выяўляе паўнату, спеласць і галоўную мэту. Гэткім чынам, у тым, як пабудаваны літургічны год, сімвалічна ўвасобленае чалавечае жыццё ад нараджэння да смерці, ад бязвер’я да веры, ад навяртання да святасці, ад пыхі да пакоры, ад недахопу любові да паўнаты любові.

«Слова Тваё — светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі» (Пс 119), — кажа псальміст. Гэта слова Божае дазваляе нам узрастаць, развівацца (як літургічны год), навяртацца і любіць Бога і бліжніх.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што слова Божае вядзе нас у Касцёле ўсё жыццё, паказвае нам бясконцую Божую любоў і вучыць бясконца любіць. Таму ў Адвэнце запытайцеся ў сябе: «Ці слухаю я Божае слова?». Калі слухаю, тады я — святло ў цемры для іншых людзей. Калі слухаю і слухаюся гэтага слова, тады нават слова Вялікага посту, самае складанае, слова ахвярнай любові, будзе фармаваць мой характар, вучыць дапаўняць немачы Хрыста дзеля дабра Яго Цела, якім з’яўляецца Касцёл. Гэта будзе ўмацоўваць нашую еднасць з Богам, якая вядзе людзей да раю, дзе ёсць паўната шчсця, дзе прабываюць толькі тыя, хто даспеў, як каласы ў полі, што далі плён, большы ў 30, 60 і 100 разоў.  


Айцец Раман Шульц OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней