Па старонках кастрычніцкага нумара часопіса «Ave Maria»
Кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria», зарыентаваны на апошнія актуальныя падзеі з жыцця Касцёла ў свеце і ў Беларусі, па традыцыі атрымаўся наскрозь марыйным. Пра гэта сведчыць у першую чаргу блок матэрыялаў, прысвечаных падрыхтоўцы да святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме: урывак з пастырскага паслання мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; інтэрв’ю «Фацімскія аб’яўленні заклікаюць да малітвы і навяртання», дзе арцыбіскуп распавядае пра тое, як Касцёл у Беларусі рыхтуецца да юбілею аб’яўленняў, пра тры свае сустрэчы з візіянеркаю сястрой Люцыяй і пра актуальнасць фацімскага паслання ў наш час; а таксама «Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі».
Адзін з чытачоў часопіса падзяліўся сваімі цяжкасцямі ў практыкаванні ружанцовай малітвы, да якой Касцёл асаблівым чынам заахвочвае ў кастрычніку: «Молячыся Ружанец, я нярэдка лаўлю сябе на тым, што не магу доўга засяроджваць свае думкі на манатоннай малітве і паўтараю яе словы амаль механічна… Ці мае сэнс такая малітва? Як з гэтым змагацца? Ці не будзе занядбаннем, калі я малюся Ружанец у дарозе, у думках, а не на каленях перад абразом?» Несумненна, з такімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца многім хрысціянам у наш час татальнай занятасці. Таму кс. Андрэй Рылка ў артыкуле «Сакрэт эфектыўнасці малітвы на ружанцы» дае карысныя парады адносна таго, як стварыць найлепшыя ўмовы для індывідуальнага ці супольнага ружанцовага набажэнства.
Няўменне прабачаць — яшчэ адна вострая праблема, якую варта закрануць на старонках часопіса ў межах Юбілейнага Году Божай Міласэрнасці. У сувязі з гэтым Зося Бараноўская прапануе чытачам публікацыю «Ці ўмеем мы прабачаць?», у якой падае апытанне на гэтую тэму з людзьмі рознага ўзросту і заняткаў.
Акрамя гэтых матэрыялаў, кастрычніцкі нумар часопіса напоўнены цікавымі сведчаннямі, разважаннямі, аповедамі і рэкамендацыямі ў рубрыках «Парафіяне», «Школа малітвы», «Кветкі Божыя» і інш. Запрашаем правесці адзін халодны восеньскі вечар у цёплай «кампаніі» з героямі нашых публікацый!
Ганна Шаўчэнка