Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, год С (9.10.2016)
Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: «Езус, Настаўнік, змілуйся над намі!» Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. І адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».
(Лк 17, 11–19)
«Не знайшлося нікога…»?
Калі мы ўважліва слухалі евангельскае чытанне на мінулым тыдні, то сёння нас можа вельмі ўразіць пэўная непаслядоўнасць Пана Езуса. Тыдзень таму мы чулі, як Ён раіў нам не чакаць удзячнасці, а замест гэтага казаць, што мы нікчэмныя слугі, а сёння Пан Езус здаецца расчараваным няўдзячнасцю людзей, якіх аздаравіў ад праказы.
Аднак гэтыя супярэчнасці існуюць толькі на першы погляд. Пан Езус жадае вывесці нас на шлях свабоды, на шлях Божых дзяцей. Ён хоча, каб мы былі вольныя ад патрэбы атрымліваць доказы ўдзячнасці, але самі заставаліся ўдзячнымі. Езус вучыць нас, што нам не патрэбная ўдзячнасць іншых людзей, каб пацвердзіць уласную каштоўнасць. Мы не мусім добрымі ўчынкамі купляць сабе месца на зямлі, бо мы — дзеці яе Караля. Мы не мусім заслугоўваць Яго любоў, бо Ён любіць нас абсалютна і безумоўна. Для чаго ж тады чыніць дабро? Бо мы добрыя! Мы ж падобныя да Бога! Бо слуга, які гатуе вячэру, — сам Хрыстус. Менавіта гэта Ён паказаў нам падчас Апошняй Вячэры.
Калі мы ўжо зразумелі, чаму павінны быць вольныя ад доказаў удзячнасці, паразважайма цяпер, чаму мы павінны быць удзячныя. Таму што ўдзячнасць дазваляе нам заўважыць дар. На першы погляд здаецца, што ўсё наадварот: спачатку дар, а пасля ўдзячнасць. Але парадаксальна — толькі чалавек, здольны быць удзячным, можа заўважыць дар. Калі ў нас ёсць удзячнасць, мы пачынаем бачыць, што адораныя, і праз удзячнасць будуем адносіны з Тым, хто адарыў нас. Мы ўдзячныя людзям за любоў і свету — за прыгажосць, і праз гэтую ўдзячнасць прыходзім да Бога, які адарыў нас усім гэтым. Мы бачым Яго любоў і дабро, дадзенае нам. І жадаем быць добрымі, бо Ён добры.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP