
Працяг. Пачатак гл. тут.
Аборт з'яўляецца забойствам ненароджанай чалавечай істоты. Незалежна ад таго, прайшоў адзін дзень ад зачацця гэтага чалавека ці сем месяцаў, зрабіць аборт — значыць забіць чалавечае стварэнне. Працягваючы цыкл артыкулаў «Маральна-псіхалагічныя аспекты аборту», прысвечаных праблеме штучнага перарывання цяжарнасці, у трэцім артыкуле звернем нашую ўвагу на праблему постабортнага сіндрому і абарончых механізмаў, да якіх прыводзіць аборт.
Чалавечая істота складаецца не толькі з цела, але і з душы (псіхікі) і духа. Адпаведна, аборт пашкоджвае не толькі цела, але і псіхіку і дух. Рашэнне аб гвалтоўным умяшальніцтве ў цяжарнасць пры дапамозе абартыўных манімуляцый суправаджаецца моцнымі эмацыйнымі перажываннямі.
Жанчына, якая здзейсніла аборт, перажывае шэраг фізічных, псіхалагічных і сацыяльных наступстваў, якія ў той ці іншай ступені маюць уплыў на яе жыццё. У першую чаргу хацелася б звярнуць увагу на псіхалагічны аспект аборту.
У адпаведнай літаратуры негатыўныя псіхалагічныя і псіхасаматычныя наступствы пасля здзяйснення аборту прынята агульна называць «постабортным сіндромам». Упершыню гэты тэрмін быў ужыты Вінцэнтам Ру, сямейным псіхатэрапеўтам, у 1981 годзе, з таго часу набыўшы шырокую папулярнасць сярод праціўнікаў абортаў. Дадзены тэрмін — «постабортны сіндром», — як і само існаванне сувязі паміж абортам і наступнымі псіхатычнымі парушэннямі ў жанчын прызнаюцца не ўсімі медыкамі. Тым не менш яны апісаныя ў шматлікіх даследваннях.
У некаторых крыніцах постабортны сіндром параўноваўюць з посттраўматычным стрэсавым разладам, якое ўзнікае ў выніку ўдзелу ў ваенных дзеяннях, гвалце, катаваннях і падобных сітуацыях, што траўмуюць псіхіку. Падабенства такога разладу з абортам тлумачыцца роднаснымі сімптомамі для абедзвюх з'яў.
Гэта яшчэ раз пацвярджае маштаб маральнага зла аборту, калі яго ўплыў на псіхіку раўназначны ўплыву пасля такіх траўмуючых сітуацый, як удзел у баявых дзеяннях, назіранне за гвалтоўнай смерцю іншых, катаванні, тэрарызм, гвалт і іншыя злачынствы.
Постабортны сіндром — комплексная з'ява, яна складаецца з цэлага шэрагу сімптомаў у асобаў, што мелі кантакт с зачатым, але не народжаным дзіцём, жыццё якога было перарванае праз аборт. Гэтыя сімптомы могуць выступаць у якасці саматычных хваробаў, эмацыйна-псіхічных парушэнняў ці духоўных ранаў. Відавочна, што асобай, якая найбольш церпіць ад аборту (апрача, вядома, самога дзіцяці), з'яўляецца маці. Але гэты сіндром таксама, хоць і ў іншай форме, можа датычыць бацькі, сваякоў дзіцяці, а таксама медыцынскага персаналу, які меў дачыненне да аборту.
Прычынай узнікнення дадзенага сіндрому з'яўляецца рознае ўспрыманне аборту свядомасцю і падсвядомасцю. Калі на свядомым узроўні жанчына ў большасці выпадкаў стараецца ўпэўніць сябе ў тым, што забітая істота — гэта толькі скапленне клетак, якое не з'яўляецца жывым чалавекам, то на падсвядомым узроўні ў жанчыны ёсць цвёрдая ўстаноўка на нараджэнне дзяцей, працяг роду, на жыццё як дадзенасць.
Пасля аборту ў глыбінных структурах псіхікі ідзе «запіс» пра забойства дзіцяці, жыцця, а маці, якая па сваёй функцыі дае і ахоўвае жыццё, становіцца тым, хто яго знішчае.
Непасрэдна пасля аборту многія жанчыны адчуваюць часовую палёгку ў першую чаргу таму, што больш не трэба непакоіцца пра непажаданую цяжарнасць. Але гэтае пачуццё не трывае доўга, бо праз кароткі час яму на змену прыходзяць розныя сімптомы постабортнага сіндрому — напрыклад, пачуццё віны, жаль, раздражнёнасць і г.д. Другая катэгорыя жанчын, наадварот, хутка вяртаецца ў нармальны стан пасля аборту, аднак праз пэўны час такія жанчыны атрымліваюць эмацыйны зрыў са зноў жа ярка выражанымі сімптомамі постабортнага сіндрому.
Таму, каб справіцца з цярпеннем псіхічным і пазбегнуць пакутаў, выкліканых усведамленнем аборту, непасрэдна пасля аборту жанчына задзейнічае пэўны шэраг абарончых механізмаў:
- рацыяналізацыя — жанчына апраўдвае сваё рашэнне аб аборце, даводзячы аргументы на карысць таго, што паступіла добра, ці шукаючы прычыны, якія б яе апраўдалі;
- заглушэнне — жанчына выдаляе са сваёй свядомасці ўсе негатыўныя пачуцці ў дачыненні да аборту, заглушае, каб не сутыкацца з рэальнасцю, усведамленнем таго, што яна спыніла жыццё свайго дзіцяці. Жанчына гаворыць пра тое, што не адчувае нічога непрыемнага. У большасці выпадкаў можа ідэнтыфікаваць у сябе сіндром толькі пасля наведвання тэрапіі. Вельмі часта жанчына пачуваецца дрэнна, але не асацыюе гэтага з абортам, пакуль прафесіянал гэтага ёй не пакажа;
- адмаўленне— жанчына не ўсведамляе негатыўных пачуццяў, звязаных з абортам, таму што яны былі выцесненыя папярэдне. Яна адмаўляе негатыўны досвед аборту, адмаўляе таксама свае пачуцці да дзіцяці і да бацькі дзіцяці. Пры гэтым яна сама гаворыць, што адчувае сябе добра і спакойна з тым, што зрабіла;
- кампенсацыя— напрыклад, неўзабаве пасля аборту зноў мае месца цяжарнасць - такім чынам, жанчына выкарыстоўвае зачатае дзіця, каб замяніць тое, што было страчанае, і зрабіць выгляд, што нічога не адбылося. Гэтаму новаму дзіцяці яна імкнецца даць найбольш увагі, укладаючы шмат энергіі у тое, каб быць «добрай маці». Любая праблема, звязаная з гэтам дзіцём, прычыняе ёй вялікі боль, таму што ставіць пад сумнеў тое, ці была яна добрай маці;
- фармаванне рэакцыі — жанчына вырашае, што аборт — гэта найлепшы падыход, і імкнецца схіліць іншых жанчын да абортаў1.
Усе гэтыя механізмы блакуюць натуральны працэс перажывання гора пасля смерці дзіцяці, у першую чаргу таму, што па іх прычыне жанчына адмаўляе значнасць страты ці саму страту. Гэтыя абарончыя механізмы таксама нясуць і станоўчую функцыю: без іх, ад усведамлення ўчыненага псіхіка жанчыны магла б не вытрымаць і быць вельмі моцна пашкоджанай ці нават разбуранай.
Як бы там ні было, гора ад страты мусіць усё роўна знайсці выхад — ці ў выглядзе непасрэднага яго перажывання пасля аслаблення механізмаў абароны, ці праявіцца ў выглядзе іншых сімптомаў постабортнага сіндрому.
Напрыклад, гэтае перажыванне можа прыняць наступную схему: напачатку жанчына адмаўляе ўсялякую адказнасць за рашэнне аб аборце, абвінавачваючы іншых ці шукаючы пацверджання, што быў зроблены правільны выбар.
Калі жанчына пачынае ўсведамляць страту, пачынаецца працэс гневу — на сябе, на асяроддзе, на блізкіх, якія дапусцілі аборт ці настаялі на ім, на ўрача, які яго здзейсніў.
Разам з агрэсіяй ці ўслед за ёй з'яўляецца дэпрэсія. Калі жанчына не даруе, яна можа пачаць асуджаць сябе. Калі да гэтага даходзіць, яна будзе бачыць толькі зло, шкоду, якую ўчыніла, і пагарджаць сабою.
У рэшце рэшт, у горшым выпадку, жанчына пачне схіляцца да самадэструктыўнасці: думаць пра самагубства і нават рабіць замах на сваё жыццё, таму што хоча быць пакаранай за свой грэх, пачне ўжываць алкаголь і наркотыкі. Таму вельмі важна, каб жанчына не заставалася «сам на сам» з праблемай аборту.
Такім чынам, праз пэўны час пасля аборту ў выніку заглушэння смутку і жалю ад страты дзіцяці ўзнікае вышэй узгаданы постабортны сіндром, які мае відавочныя прыкметы посттраўматычнага стрэсавага разладу.
Працяг будзе
Ганна Качалка,
выпускніца Мінскага тэалагічнага каледжа
імя св. Яна Хрысціцеля.
1 Martha Infanzon. La mujer y los efectos psicologicos y sociales del aborto.
Гл. яшчэ артыкулы гэтага цыкла: