Дваццаць дзявятая звычайная нядзеля, год С (16.10.2016)
Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. І была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
(Лк 18, 1–8).
«Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
Навошта людзі капаюць студні? Каб мець побач крыніцу свежай вады, якой можна наталіць смагу, ужыць для прыгатавання ежы. Навошта людзі моляцца? Каб падтрымліваць жывыя адносіны з Панам Богам, каб мець духоўныя сілы. Але спачатку студню трэба выкапаць. Я ніколі не рабіў гэтага, але ўяўляю, якая гэта цяжкая праца. Лёгка капаць, пакуль ты яшчэ на паверхні, але чым глыбей, тым цяжэй становіцца працаваць. Калі пачынаеш маліцца, можа быць па-рознаму. Можна без канца выбіраць формы малітвы, чытаць кнігі пра тое, як добра маліцца (як добра выкапаць студню), але да самой малітвы ніколі не прыступіць. А можна крок за крокам, дзень за днём... маліцца. І гэта як з капаннем студні: чым далей, тым цяжэй. З'яўляецца пачуццё манатоннасці, нуда, і чалавек можа пакінуць малітву, пакінуць капаць студню, не дакапаўшы паўметра да вады.
Сумна, калі так здараецца са студняй, і яшчэ горш, калі чалавек кідае маліцца, бо не сустрэўся з Богам, не адчуў Яго жыватворнай моцы. Таму Езус заахвочвае нас цярпліва трывала маліцца: «Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх». Каб не знеахвоціцца, трэба ў малітве памятаць, навошта я малюся, гэтак жа, як, капаючы студню, трэба памятаць, што мэта не ў тым, каб адкінуць як найбольш глебы, але каб дакапацца да чыстай, сцюдзёнай, свежай вады.
А мэта малітвы — гэта… Знайдзіце асабістае завяршэнне гэтага сказа.
Айцец Павел Мажэйка OP