Трыццаць першая звычайная нядзеля, год С (30.10.2016)
Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. І вось чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека!». Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».
(Лк 19, 1–10)
Спускайся з дрэва
На першы погляд цяжка сказаць, чаму Езус так адкрыта правакуе натоўп пабожных габрэяў, якія слухаюць вучэнне Настаўніка. Здзівіўшы ўсіх, як заўважае Евангеліст, Езус пажадаў увайсці ў дом Закхея, багатага кіраўніка мытнікаў. Езус не звярнуў увагі на людзей, што слухалі яго, але звярнуўся да грэшніка, які жадаў усяго толькі паглядзець на Хрыста. Магчыма, гэтак Езус у чарговы раз пажадаў падкрэсліць вартасць навяртання ў чалавечым жыцці. Яно магчымае ў любой сітуацыі.
Закхей не меў вялікіх спадзяванняў, звязаных з гэтай сустрэчай, ён усяго толькі хацеў паглядзець… А Езус, загаварыўшы з мытнікам, які сядзеў на дрэве, змяніў усё: Закхей спусціўся, адчыніў дзверы свайго дома Езусу і даў сведчанне пра сваё навяртанне: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш».
У сённяшнім евангельскім чытанні можна ўбачыць, як моцна Езус змяняе нашыя адносіны з Богам. Хрыстус заўважае нас у натоўпе, жадае, каб мы выйшлі з незразумелых, заблытаных сітуацый, дапамагае нам цвёрда стаць на ногі, бо тады становіцца лягчэй убачыць саміх сябе ў праўдзе: убачыць, як мы ставімся да Бога і бліжніх.
Пан Бог не радуецца нашай згубленасці і нашаму няшчасцю. Ён кліча нас, каб мы адчулі і зразумелі, што сэнсам навяртання з’яўляецца любоў.
Хасэ Фэліпэ да Коста Радрыгес OP