Ахвяры камуністаў і нацыстаў — благаслаўлёныя Раланда Рыві і а. Джузэпэ Джыроці

У красавіку 1945 года нарадзіліся для неба два сыны Італіі, лёс якіх можа сімвалізаваць трагедыю Другой сусветнай вайны, якая не толькі ў Беларусі, але і ў Італіі суправаджалася жорсткім братазабойчым канфліктам.


Італія з 1922 да 1943 года знаходзілася пад уладай фашысцкага рэжыму Беніта Мусаліні, які ў адрозненне ад нямецкага нацызму не меў расісцкай скіраванасці і не ажыццяўляў генацыду. Толькі пад уплывам нямецкага нацызму ў канцы 1930-х гадоў у Італіі з'явіліся антысеміцкія законы, аднак сапраўдная небяспека для італьянскіх габрэяў паўстала ў 1943-45 гадах.

Менавіта апошнія гады вайны, калі фашысцкі рэжым абрынуўся і краіна распалася на дзве часткі, сталі самымі трагічнымі і крывавымі для Італіі. Раскалолася і італьянскае грамадства, і армія, і нават сама фашысцкая партыя — поўдзень Італіі разарваў адносіны з Германіяй, а поўнач засталася пад кантролем нямецкай арміі і сіл, верных Беніта Мусаліні.

У гэты час, калі нацысты сталі амаль поўнымі гаспадарамі на поўначы Італіі, пачаліся рэпрэсіі і масавыя забойствы італьянскіх габрэяў.

Адначасова на занятай немцамі тэрыторыі з'явіліся шматлікія партызанскія атрады нацыянальна-дэмакратычнай і камуністычнай скіраванасці.

Касцёл у гэтай сітуацыі заставаўся верным свайму пакліканню — бараніць слабых і адстойваць веру і сапраўдную мараль ад пагрозаў з любога боку. Вялебны Слуга Божы Папа Пій ХІІ быў рашучым праціўнікам і нацызму, і камунізму.

Айцу Джузэпэ Джыроці ОР было 38 гадоў, калі ён як выкладчык тэалогіі ў семінарыі Дамініканскага ордэна ў Турыне, пачаў у 1943 годзе хаваць габрэяў і дапамагаць ім эміграваць з Італіі ў больш бяспечныя месцы.

У 1942 годзе — у 11 гадоў — Раланда Рыві адчуў пакліканне да святарства. Яшчэ раней яго бабуля казала пра ўнука: «Ён стане або святым, або нягоднікам. Ён не можа трымацца сярэдзіны». Хлопца сапраўды немагчыма было стрымаць і ў забавах, і ў пабожнасці. Святар дазволіў адукаванаму юнаку прыняць першую Камунію ўжо ў 7 гадоў, а сакрамэнт канфірмацыі Раланда прыняў у дзевяцігадовым узросце. У 14 гадоў ён ужо быў семінарыстам.

Абодва нашы героі, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, разумелі, што ёсць найбольшая каштоўнасць — быць верным Хрысту. І гэта яны даказалі сваім жыццём.

У 1944 годзе нацысты арыштавалі а. Джузэпэ Джыроці, калі той дапамагаў параненаму габрэю. Святара адправілі ў канцлагер Дахаў. Да апошняга дня айцец Джузэпэ дапамагаў іншым зняволеным і быў расстраляны 1 красавіка 1945 года — у самы Вялікдзень.

У гэты час на поўначы Італіі пашыраўся антыкаталіцкі тэрор з боку камуністычных і лева-ліберальных партызанаў. Пад уплывам атэістычнай прапаганды яны забівалі каталіцкіх святароў дзясяткамі нават пасля вайны.

Юны семінарыст Раланда Рыві не здымаў сутану, нягледзячы на небяспеку, хоць у наваколлі ўжо забілі чатырох святароў. «Я вучуся быць святаром, і гэтая сутана сведчыць, што я належу Езусу», — адказаў ён аднойчы бацькам.

10 красавіка 1945 года яго захапілі камуністычныя партызаны. Яны не здолелі прымусіць хлопца адрачыся ад веры і прыгаварылі да смерці праз тры дні. «Каб было на аднаго будучага святара менш», — сказалі злачынцы.

Як і ў нашай Беларусі, пасля вайны такія злачынствы замоўчваліся, ігнараваліся пакутнікі, якія прынялі смерць ад рук камуністаў.

Аднак на самой справе айцец Джузэпэ Джыроці і малады семінарыст Раланда Рыві — абодва загінулі ад фанатыкаў, апанаваных супрацьлеглымі, але аднолькава нечалавечымі і антыхрысціянскімі ідэямі. У крывавай завірусе змагання ілжывых таталітарных ідэалогій благаслаўлёныя пакутнікі трымаліся вучэння Свабоды, Праўды і Любові, якое пакінуў Хрыстус.

 


 Аляксандр Гелагаеў

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней