Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год С (04.09.2016)
Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
(Лк 14, 25–33)
Наследаваць ці быць вучнем?
Часам сілаю, якая штурхае чалавека ісці за Езусам, з'яўляецца энтузіязм і эмоцыі. Але Езус – рэаліст, Ён ведае, што гэтага замала, каб чалавек мог стаць Яго вучнем.
Гэта крыху нагадвае адносіны паміж жанчынаю і мужчынам: калі мы закаханыя, нашым пачуццям спадарожнічаюць яркія эмоцыі, мы заўважаем у іншым чалавеку найлепшыя рысы, бачым перад сабою амаль ідэал: асобу, якая не мае ніякіх хібаў. Аднак немагчыма доўга знаходзіцца ў такім стане. Калі пара закаханых хоча стварыць сапраўды глыбокую сувязь, яны павінны адкрыць у сваіх адносінах нешта большае. Гэтак жа і ў манаскім жыцці: законнік павінен як мага хутчэй усвядоміць, што ён – не анёл і што толькі рэалізм можа прывесці да святасці.
Наследуючы некага, мы не ў стане рабіць гэта доўгі час. У імкненні ісці за Хрыстом гаворка ідзе пра тое, каб быць вучнем, гатовым слухаць голас Настаўніка. А каб стаць вучнем, неабходная любоў. Святая Кацярына Сіенская казала, што душа ствараецца з любові. Душа чалавека мае здольнасць любіць і прагнуць Бога. Аднак нельга забываць пра тое, што любоў кшталтуецца ў штодзённасці і датычыць канкрэтных жыццёвых сітуацый.
Ці просіш ты, як вучань Езуса, развіцця сваёй любові? Ці дзелішся ты, як вучань Езуса, сваёю любоўю? Каго ты любіш?
Быць вучнем Хрыста азначае быць спецыялістам у галіне любові, бо менавіта з дапамогаю любові хрысціяне будуюць Божае Валадарства тут і цяпер.
Айцец Хуан Эфраін Эрнандэс Крус OP
Паводле матэрыялаў часопіса «W drodze»