Досвед міласэрнасці

Дваццаць чацвёртая звычайная нядзеля, год С (11.09.2016)

Пан сказаў Майсею: Хутчэй ідзі ўніз, бо зграшыў твой народ, які ты вывеў з егіпецкай зямлі. Хутка адвярнуліся яны ад шляху, які Я ім наказаў, і зрабілі сабе адлітага цяльца, і пакланяліся яму, і прыносілі яму ахвяры, кажучы: Вось бог твой, Ізраэль, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі.

І зноў сказаў Пан Майсею: Я бачу народ гэты: гэта народ з цвёрдым каркам. А цяпер пакінь Мяне, каб запалаў гнеў Мой на іх і каб Я павынішчаў іх. З цябе ж Я зраблю вялікі народ.

Аднак Майсей пачаў маліць Пана Бога свайго, кажучы: Чаму разгарэўся Твой гнеў на Твой народ, які Ты вывеў з егіпецкай зямлі вялікаю моцай і магутнаю рукою? Успомні Абрагама, Ісаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, якім Ты пакляўся самім сабою, кажучы: Памножу ваша патомства, як зоркі нябесныя; і ўсю гэту зямлю, пра якую казаў Я, дам нашчадкам вашым у вечную спадчыну.

І адступіўся Пан ад зла, якое думаў зрабіць народу свайму.

(Зых 32, 7–11. 13–14)

Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы сабе на служэнне, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. Ласка ж нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.

Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю доўгацярплівасць як прыклад тым, хто будзе верыць ў Яго дзеля жыцця вечнага. Валадару вякоў, незнішчальнаму, нябачнаму і адзінаму Богу – пашана і слава на векі вечныя. Амэн.

(1 Цім 1, 12–17)

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».

(Лк 15, 1–10)

Досвед міласэрнасці

Чытанні, якія сёння гучаць падчас літургіі, арганічна звязаныя між сабою. У першым мы чуем пра Майсея, які заступаецца за грэшны народ. У Евангеллі распавядаецца пра фарысеяў, якія наракаюць, што Езус сустракаецца з грэшнікамі. Тое, што адрознівае Майсея і фарысеяў, называецца досведам міласэрнасці, пра які святы Павел піша ў Першым Пасланні да Цімафея. 

У жыцці Майсея і Паўла можна знайсці шмат агульнага. Абодва жадалі выправіць свет па сваім разуменні і абодва здзейснілі забойства. Абодва адчувалі сябе нягоднымі, калі Пан Бог пачаў дзейнічаць праз іх. Досвед уласнай слабасці, перамененай з дапамогаю Божай ласкі і любові, — гэта і ёсць досвед міласэрнасці. Калі чалавек перажывае міласэрнасць, ён сам становіцца міласэрным. І наадварот, чалавек не здольны быць міласэрным, калі не ўсведамляе, што міласэрнасць патрэбная яму і што ён яе атрымлівае.

Фарысеі з сённяшняга евангельскага чытання гэтак жа, як маладыя Майсей і Павел, перадусім жадаюць знішчыць зло. І, на жаль, яны бачаць гэтае зло ў іншых. Айцец жа паслаў Сына не для таго, каб Ён знішчыў свет, а каб збавіў яго. Калі я жадаю прыняць удзел у гэтым збаўленні, то я мушу прыняць іншых людзей. Гэта азначае, што я мушу адвярнуцца ад чужых слабасцяў і сустрэцца са сваімі. І ва ўласных убостве і нястачы я сустрэну Божую любоў, якая збаўляе. Толькі тады, сустракаючыся са злом або з недахопамі іншых людзей, я стану не забойцам, а прыладаю Божай міласэрнасці. 

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней